Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 49

Алесь Жук

Пакуль праходзіў фронт, пакуль стваралася ўлада на месцах, ніхто не дабіраўся да глухое Смалярні, толькі хіба групы акружэнцаў, якія ўпарта ўсё ішлі, даганялі, прабіваліся да фронту. Яны заходзілі падкарміцца і абагрэцца.

Адбылося тое ў канцы верасня, калі ўжо зацвілі, як сінія хвалі, на лясных палянах верасы, калі пасыпалася жоўтае лісце, калі крычалі і не маглі накрычацца, быццам і яны пачулі на зямлі вайну, мірныя шэрыя птушкі жураўлі.

Недалёка ад Смалярні група акружэнцаў забіла трох нямецкіх абознікаў, якія толькі што пажывіліся ў той жа Смалярні свінінаю — везлі з сабою трох парсюкоў. Улады рашылі паказаць, каб другім такога не хацелася, што бывае, калі чапаюць немцаў.

Раніцаю яны акружылі вёску, сагналі на выган усіх. Мужчын пастроілі асобна. Цераз перакладчыка немец зачытаў, што калі не прызнаецца сам той, хто памагаў чырвонаармейцам, якія хаваюцца ў лесе і якія забілі нямецкіх салдат, то кожны чацвёрты мужчына будзе расстраляны, тут жа, пры ўсіх.

Дзень быў лагодны, плыло павуцінне, жаўцеўся ўзлесак, і здалёку плылі, крычалі журавы.

Усхліпвалі жанчыны, плакалі ціхенька дзеці, гледзячы на бацькоў, якія асобна стаялі пад дуламі нямецкіх аўтаматаў.

Немец лічыў да дзесяці:

— Айн, цвай, драй...

Ён не спяшаўся, нібыта размерана адсякаў адзін за адным жывыя карэнні.

Перакладчык спалохана перакладаў:

— Адзін, два, тры...

Пасля сямі, рассунуўшы рукамі мужчын, наперад выйшаў Наронскі. У ботах, у галіфэ, у расшпіленай гімнасцёрцы, ён выступіў наперад.

— Я камуніст. Я арганізаваў засаду на вашых салдат, я карміў акружэнцаў! Смерць вам тут усім будзе! Гэта маё слова, слова камуніста! Людзі, чуйце, смерць ім! Маруська, беражы дзяцей, каб было каму давіць гідру фашызму і міравога капіталу!

Усяго і ўспеў сказаць ён. пакуль баязліва перакладаў перакладчык, а афіцэр даставаў з кабуры пісталет.

— Смерць фашыстам, слава бацьку Сталі...

Канца слова людзі не пачулі. Два разы коратка трэснулі пісталетныя стрэлы. Афіцэр не прамахнуўся абодва разы.

Наронскі цяжка ступіў наперад. Закрычала, затуленая бабамі, яго жонка і страціла прытомнасць.

Тут жа, над забітым, немцы прызначылі старасту, якога прывезлі з сабою...

***

Тое, што гаварыў Антось, успамін пра Наронскага выбіў Сцяпана з каляіны.

Калі на вёсцы пайшла пагалоска, што на канаве панішчылі баброў, Сцяпан з нейкаю нават палёгкаю і радасцю закінуў куркоўку за плячо і пайшоў займацца следствам.

Праз тыдзень у яго ўжо было падазрэнне, што тут не абышлося без старшынёўскай рукі: ніхто так смела не мог развярнуцца, каб не баяўся, што нічога яму не зробяць. Да таго ж старшыні спатрэбілася гэтае поле, якое ён раней не бачыў. Без яго тут не абышлося. 3 гэтым Дзямідчык сабраўся і паехаў у раён да старшыні паляўнічага таварыства Дзярэчы. Той паслухаў, што яму сказаў Сцяпан, нешта запісаў, сказаў, што з гэтым яны самі разбяруцца, а пакуль не злоўлены — не злодзей.

I непрыкметна перавёў гаворку на тое, што Сцяпану сама і быць старшынёй мясцовых паляўнічых і што ў іхнім лесе завяліся ваўкі, якіх трэба вывесці; ён і прывёз з сабою ўжо ў замаразкі брыгаду, абклалі лес, і Сцяпан якраз забіў аднаго з трох ваўкоў.