Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 13
Алесь Жук
— Ну, ідзі, выдзь на вуліцу, то яна табе мо гэтаю гусею ў морду натыцкае! Убіўся, найшоў Бакасянку, гусі табе трэба. Вуй, дурань стары!
Голас Бакасянкі тым часам паплыў далей па вуліцы. Праклёнам не было канца.
Дома таксама Сцяпану цяпер было не ўседзець. Ён узяў свой капронавы, пажаўцелы ад сонца і ад часу капялюш і шалыгнуў з хаты.
***
Стары бабёр, адкаснуўшыся ад сабакі, які заступіў яму дарогу, з палёгкаю нырнуў пад густыя шаты алешніку, адкуль чутна была вада, знаёмы пах вільгаці. Тут, у зарасніку травы, крапівы і на макрэйшых месцах сітнягу, пачыналі сачыцца крыніцы. Бабёр ішоў паволі — дарога была закідана ламаччам, гразкая, і па тым тоненькім ручайку, які пракладвалі сабе крыніцы, нельга было яшчэ плысці. Але адыходзіць ад вады ён не мог — стары бабёр чуў, што побач вёска і што адтуль можа прыйсці той вялізны сабака, які быў заступіў яму дарогу.
Неўзабаве алешнік парадзеў, сталі пападацца на дарозе сухія алешыны, і стары бабёр зразумеў, што тут часта стаіць высокая вада. I зусім нечакана, яшчэ ў алешніку, перад ім пачалася вузкая, метры на паўтара палоска чыстае вады, над якою нахілялася асака.
Стары бабёр амаль подбегам кінуўся да вады, ад радасці забыўшыся пра асцярогу, нырнуў, быццам не верыў, што скончылася яго сухая дарога. Амаль хвіліну ён плюхаўся, даваў нырца, нават фыркаў, так што адплыліся далей ад канавы ў зараснік травы і вастралісту са сваім вывадкам качкі.
Толькі калі нацешыўся, стары бабёр спахапіўся і ціха, так, што нават не аставалася на вадзе следу, паплыў на агледзіны возера.
Яно было невялікае. Стары бабёр спачатку абплыў, агледзеў азерца — адзіны таемны выхад з яго быў толькі ў крыніцу, па той канаве, з якое ён увайшоў у возера. Толькі адтуль і можна было сплавіць крыху дрэў.
Пасля агляду стары бабёр ужо ведаў, што ў возеры нямала жыве андатры.
Стары бабёр пакарміўся карэннем рагозніку, травы, перачакаў, пакуль доўга — аж за абед пераваліла — купалася чародка хлапчукоў і купала прыведзенага з імі белага сабачку, які баяўся вады і адчайна, колькі ставала сілы, звінеў брэхам. Потым прыехаў на матацыкле чалавек і доўга хадзіў па грэблі, шлёгаў спінінгам па вадзе.
Гэты плёскат, шум, брэх, якія так моцна ішлі па вадзе, былі чутны з вёскі, турбавалі старога бабра, не давалі яму супакоіцца. Хаця і пакарміўся, выплаваўся ў вадзе, крыху адпачыў, ён адчуваў сябе тут усё ж няўтульна ў гэтым шумным суседстве.
Пасля абеду стары бабёр перайшоў грэблю і падаўся далей па крыніцы. Яна яшчэ была шырэйшая, пахла халодным, крынічным, жалезнаю рудою. Потым павузела, пацякла новаю вузкаватаю канаваю, над якою раслі роўныя і стройныя алешыны. Тут было далей ад вёскі, ціха, з аднаго боку ішло поле, з другога была пасеяна трава.
Стары бабёр спяшаўся ўслед за вадою. Яна нечакана вывела яго да лагчыны, парослай маладымі кустамі лазняку. У гэтай лагчыне і канчалася крыніца. За лагчынаю яна ручайком упадала ў роўна выкапаную, ужо старую, парослую па берагах лебядою і высокім чырванаватым драсёнам, канаву.
Над самаю вадою ў канаве густа сышлася трава. Стары бабёр пайшоў услед і за гэтаю вадою. Па дарозе ён спалохаў чародку курапатак, якія карміліся ў зарасніках лебяды, крапівы і драсёну.