Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 14

Алесь Жук

Па гэтай канаве стары бабёр дайшоў да большае, з зарослымі травою берагамі. Трава на берагах была акуратна скошана. Канава была крышку шырэйшая, у ёй можна было і плысці, таму стары бабёр апусціўся ў ваду і паплыў насустрач халоднай плыні.

Выйшаў ён з канавы на бераг там, дзе агледзеў купчастыя зараснікі лазняку. Там ён знайшоў на запруджанай паводкаю канаве многа трыснягу, рагозніку і травы. Непадалёку дзічалі некалішнія кар’еры, у якіх капалі торф.

На гэтай канаве і пераначаваў стары бабёр. Назаўтра ён яшчэ раз абышоў і абгледзеў усё навокал, пасля гэтага сабраўся і тою ж самаю дарогаю пайшоў назад. Ён толькі баяўся, што сустрэне таго самага злоснага сабаку. Але сабаку ён не сустрэў, вярнуўся дадому і прывёў з сабою на новае селішча двух маладых баброў.

IV

Чутка пра баброў пайшла пасля таго, як яны запрудзілі канаву, замасцілі так моцна, што прарваць бабрыную плаціну не змагла нават паводка. Тут, перад плацінаю, дзе ўваходзіла ў канаву старыца, утварыўся глыбокі і ладнаваты плёс. Ад гэтага плёса вада зайшла ў старыцу, у старыя, аплыўшыя меліярацыйныя канавы. Па іх бабры сплаўлялі вербы і галлё, якое рэзалі па берагах.

Хату сабе бабры паставілі ў старой глыбокай завоіне на старыцы, пад разложыстым, шырока ўрослым у бераг кустом.

На наступны год бабрам здалося мала такіх абшараў, і яны выйшлі будаваць плаціну на магістральнай канаве.

Кончыць работу ім не далі меліярацыйныя наглядчыкі. Яны раскапалі плаціну і збіраліся раскапаць і тую, што зрабілі бабры на бакавым калектары.

Там «меліяратараў» і застаў з рыдлёўкамі Сцяпан. Яны ўжо паспрабавалі капаць, але пераплеценая з галля плаціна не давалася, Іван Канюхоўскі, як звалі яго, ляжаў воддаль ад канавы, бліжэй пад кустом у цяньку. Там жа, у кусце, ужо стаяла і бутэлька з сарванаю бляшанаю галоўкаю.

Колькі памятаў Івана пасля вайны Сцяпан, той так нідзе і не быў на сталай рабоце. Яе ён не меў, гэтак жа, як не меў і прозвішча — яго так і звалі проста Іван Канюхоўскі. Ён то наймаўся капаць торф людзям, калі капалі яшчэ самі і сушылі, то браўся касіць сена ўдовам, то працаваў майстрам на цагельнях, як пайшла мода на іх — пры кожным калгасе мець такую цагельню... I нідзе толкам нічога не ўмеў рабіць і не зрабіў. Але гаспадарку трымаў, ці яна трымалася на жонцы. Раслі, павыходзілі ў людзі Іванавы дзяўчаты. Усё меншая норма выпіўкі патрэбна была Івану. Цяпер ён ужо нідзе не блытаўся па людзях, меў сталую работу — раманцёрам на меліярацыйным магістральным канале, які зрабілі пасля таго, як нашчэнт вынішчылі рэчку, прарэзалі экскаватарам па ёй канаву. Казалі, што гэта дасць вялікую карысць.

Спачатку сеялі на торфе каноплі, кок-сагыз, нават буракі. Потым перасталі, і тыя асушаныя тарфянікі, дзе зааралі торф, проста адпусцілі пад пашы ці засеялі цімафееўкаю, якая з гадамі дзічэла, але лічылася за сенакос.

Меліярацыя і дала Івану работу і свабоду. Калі дазвалялі раманцёрам мець коней, кожнага дня яго можна было бачыць — едзе некуды ў калёсах, прылёгшы на латцы травы. Часам вочы і глядзелі, куды едуць, часам і нічога не бачылі. Ведаў конь, дзе дом, калі канчаўся рабочы дзень. Потым коней забралі, падавалі маторныя веласіпеды, і Іванаў веласіпед зноў роўна некуды трашчаў сіненькім дымком альбо пакорліва чакаў, кінуты на куст, свайго гаспадара.