Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 15

Алесь Жук

Цэлае лета Іван касіў сена. Касіць ён ведаў як — сабе на лепшым, адлогім беразе. Астатні бераг Іван аддаваў у арэнду тым, хто хацеў назапасіць на зіму сена карове. Аплата была такая — альбо чалавек касіў на сябе і на Івана, за работу, значыць, альбо проста чалавек касіў на сябе, а за воз накошанага сена плаціў устаноўленую Іванам стаўку.

Гэтая арэнда і гэтая стаўка былі ў Івана бяздонным калодзежам, з якога цякло моднае цяперашнім часам «чарніла».

I цяпер пры Іване быў арандатар яго берага, іхні, з Альховых, Сашка Навалач.

Стаў Сашка калгаснікам таму, што яму не дазволілі жыць у горадзе, як ён казаў, толькі з-за таго, што там занадта многа ўсякіх магазінчыкаў і піўных ларкоў.

Сашка таксама ляжаў пад кустом і сонна і задаволена глядзеў на Сцяпана. Сцяпан зранку шукаў яго на работу, але і жонка не ведала — пайшоў недзе.

— Ты што, Іван, тут робіш?

— А хіба не бачыш? Вот трэба гэтую трасцу раскарчаваць... Бачыш ты, прывалокся мне гаспадар! Ён жа возьме запрудзіць канал, і тады ўсё пад вадою будзе, увесь бераг залье. Садзіся, тут у нас па каплі яшчэ...

— Спужаўся, што вотчыну тваю забярэ? А ты знаеш, што баброў чапаць нельга? Дзе пасяліліся, там хай і робяць калонію?

— I я яму гэта казаў. Я законы ведаю,— падтакнуў Сашка.

— Які яшчэ закон? Гэта ўсё меліяратары капалі. А канавы трэба чысціць, каб не зарасталі. Каб зелле не расло, абкошваць. Такі ў меня загад.

— У цябе загад на магістральнай. Там і касі, а на калгасныя канавы не лезь.

— А я і не лезу, я толькі адсюль гэтага чорта выжану. Бачыў, як ён усе вербы парэзаў? Пні толькі стаяць.

— Ты вот толькі паруш гэтую плаціну, каровы на штраф не хопіць! — прыгразіў Дзямідчык, бо заўважыў, што вочы ў Івана ўжо пабялелі і сталі, як у варанае рыбы. Цяпер яму ці гавары, ці плюй у вочы — усё роўна дождж будзе.

— Правільна, я ж табе казаў, лапаць ты канюхоўскі,— не лезь да баброў!

Сашка падміргнуў Дзямідчыку: віна яны купілі ў запас і рабіць работу цяпер не хацелася.

— Вот што, работнічкі, давайце на той бок канавы з майго брыгаднага поля, каб я і духу вашага не бачыў тут!

— А хто ты такі? Я маю права, дзе хачу...

— Каму права, каму справа. А як мала, то і злева палучыш. Я навучаны. Усё, Пятровіч, я гэтага лапця канюхоўскага вынесу на той бок яго канавы.

Сашка хацеў дагадзіць Дзямідчыку.

Дзямідчык яшчэ пастаяў, паглядзеў, як пазыбаўся да магістральнае канавы Іван, як выпаўз на той бераг, абапіраючыся на рукі, як следам за ім выкінуў рыдлёўкі Сашка, потым вылез і сам з бутэлькамі «чарніла» ў руках, як з гранатамі, махнуў адтуль Дзямідчыку рукою.

На тым беразе таксама былі кусцікі і цянёк. А стаяла сама вясна, і была работа ў брыгадзе і дома.

Дзямідчык тады ж пазваніў старшыні раённага паляўнічага таварыства Дзярэчу. Ён прыехаў знарок у Альховыя Крыніцы, агледзеў бабровае паселішча, з сабою ўзяў і сакратара сельсавета. Гэтым, лічылася, бабровішча было ўзаконена і ўзята пад ахову.