Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 12

Алесь Жук

Сцяпану здалося, што ён пачуў, як пахне той свежазжатым жытам вянок і сноп, як пахне валошка, і ўздыхнуў, завярнуў з вуліцы ў двор.

Ганна ўжо чакала яго.

— Гэта ты зноў гусей ганяў? На чорта яны табе! Старшыня едзе на машыне, не бачыць іх, і не шкода яму таго аўса, а ты толькі са сваімі людзьмі гнюсішся...

Жонка будзе бубнець, ён ведаў. Бо гэта ён падняўся на праўленні, каб забаранілі дзяржаць гусей, бо яны гнюсяць усю аселіцу і робяць патраву. Праўленне пастанавіла забараніць, але людзі як гадавалі гусей, гэтак і гадуюць. Хацела, як усе, зрабіць і Ганна, але ён не даў. Ва ўсіх гусі гадаваліся, а ў іх на гэты год не было. I Ганна не магла дараваць гэтага Сцяпану.

Ён агрызнуўся, пайшоў у хату. Ганна ішла следам.

— Дзе ты бегаеш з самага ранку? На чорта табе гэта брыгадзірства! Ты ж інвалід, пенсію добрую зарабіў. Сядзеў бы дома, зрабіў якую можаш работу і не меў бы клопату. Паглядзі на Жоглу. Жывот, як тыя ночвы, нагадаваў, нікуды не лезе, хоць і ўчастковы, а ты ўсё правуешся...

Яна падала на стол блінцы, паставіла спечанае на скаварадзе сала. Туды ж была ўзліта і смятана.

Сцяпан, каб перабіць яе гаворку, сказаў, як і не было нічога:

— Знаеш, што я сёння бачыў?

— Ну што?

— Бабра.

— Якога бабра?

— Старога, рыжага, вялізнага бабра, з хвастом, як лапата. Хоць хлеб на ёй у печ садзі.

— I дзе ты яго бачыў?

— А во тут, у канцы крыніцы, куды мы смецце носім.

— Ён там і жыве, у смецці, бабёр той? Стары чалавек, калі ты дзяцініцца перастанеш! Хаця не гавары нікому, а то будзе як у таго Палікара, які пад Азярною гарою зебраў пасвіў.

— Пры чым тут Палікар...— паспрабаваў абараняцца Сцяпан, але і сам падумаў, што наўрад ці хто яму паверыць пра бабра, як не верылі таму Палікару, які расказваў, што за вёскаю, ля Азярное гары, цэлую чараду зебраў пасвіў.

Сцяпан моўчкі пачаў есці. Сціхла і жонка, нешта перастаўляла ў пячы.

Калі канчаў снедаць, Сцяпан пачуў знаёмы голас Бакасянкі.

— Ці гэта ж людзі, а не злыдні, ці ж гэта ў чалавека совесць? Каб таму вантробы на верацяно павыкручвала, каб ён так нажыўся і набачыўся, як ён гэту гусь угледзеў! Каб яму на векі вечныя засляпіла, каб ён век гэтую зямлю еў і не мог ёю наесціся!..

Сцяпан выглянуў у акно. Бакасянка, маленькая, тоненькая і ядавітая, як аса, жанчына ў доўгай спадніцы, несла на руках гусь, тую, якую падбіў Сцяпан. Кляла яна «таго» ад самае аселіцы, але толькі перад хатаю Дзямідчыка пайшла памалей і дала голасу поўную волю:

— Каб табе і тваім дзецям такая доля, як мне, каб ты век свету божага не бачыў, каб цябе насіла і падкідала і на землю не апускала! Каб табе, паліцаю, дух заняло і забіла!..