Читать «Мінскі напрамак. Том І» онлайн - страница 14
Іван Мележ
Калі ўбачыў, што сумка апусцела, яго недарэчна крануў запознены жаль: ён яшчэ нядаўна трывожыўся, што тут было мала патронаў.
«Няма дурных лезці ў пельку», — падумаў Грэчка, адчуваючы ў сабе прыліў упартасці, злосці. Ісці на згубу сваю, на пагібель?.. Не, няма дурных!..
«Няхай ідуць тыя, у каго няма галавы, каму не хочацца жыць».
А ён не пойдзе.
Ён хоча жыць.
Аднаму, як-ні-як, лягчэй уратавацца. Любая нара, любы выварацень табе схова, ніякі чорт цябе не знойдзе, калі ты адзін. А то паўзе гэтакі хвост, столькі народу— увесь час на віду, як які-небудзь табун...
Ну, вось i абышлося ўсё, дзякуй богу. Выбраўся так, што не заўважылі, здаецца. Не заўважылі. A калі i заўважылі, не вялікі страх, не да яго ім цяпер, сваю шкуру выратаваць бы, не да яго, канечне...
Аднак, нягледзячы на гэтыя развагі, неспакой з сэрца чамусьці не ападаў.
Раптам ён здрыгануўся: здалося — што з паўзмроку з-за плеціва галля штосьці цікуе.
Ён трывожна азірнуўся. На крывой галіне, узмахваючы крыламі, каб утрымаць раўнавагу, сядзела чорная глюгастая птушка, сочачы за ім вострым драпежным вокам.
Грэчка дрыжучымі рукамі схапіў асклізлы сук i люта шпурнуў на яе. Груган неахвотна ўзляцеў. «Чорт цябе прыцёг сюды, пачвара!»
Грэчка пачаў абдумваць, што трэба зрабіць.
Тут недалёка яго хата. Ён зойдзе да жонкі, набярэ хлеба, сала i перасядзіць навалу. А там, там будзе відаць.
Неяк трэба будзе перачакаць.
Ён падняўся і, прыслухоўваючыся да наваколля, пайшоў туды, дзе, па яго разліку, была яго вёска.
Раздзел II
1...
Дарога была несамавітая: то грузлі у балоце, то прадзіраліся праз гушчары, то ўброд цягнуліся цераз нейкія лужыны, заросшыя аерам ды асакою. Раненыя, ды i іншыя партызаны, вельмі знемагліся. А самае прыкрае, напэўна, было тое, што ўсе пачалі адчуваць голад, таму што больш за суткі нічога не елі.
Васілю Крайко, як i ўсім другім, не цярпелася хутчэй прыйсці ў брыгаду. Але яму не цярпелася не толькі таму, што хацелася адпачыць, што таміў цяперашні непакой,— гэта ён пераносіў, як i ўсе, — Васілю вельмі хацелася пабачыцца з Валяй Залескай, сястрой са шпіталя. Ён, напэўна, нікому не прызнаўся б у гэтым, але амаль увесь апошні час думаў пра яе.
«Як толькі прыдзем, убачу яе... абавязкова!» — рашыў ён сабе ў думках. Васіль не сумняваўся ў тым, што гэта так i будзе, бо ўсяго, чаго вельмі жадалася яму, ён дабіваўся. Такі ўжо характар у яго.
Справа i злева раз-по-раз бухалі гарматы. Над галавою, невысока, з натужным рэвам, ад якога стагнала зямля, сунуліся непаваротлівыя важкія бамбардзіроўшчыкі. Васю Крайко выразна былі відаць тупарылыя шкляныя насы, жоўтыя наканечнікі на крылах з чорнымі крыжамі. Самалёты ляцелі па аднаму, па тры, несучы смертаносны груз, i неўзабаве там, куды яны кіравалі, было чуваць нутраное, важкае: гух, гух, гу-гух... Назад яны вярталіся палягчэўшыя, равучы спакайней, нібы спатоліўшы сваю прагу да крыві.
Часта, вышукваючы здабычу, з уедлівым звонам праносіліся вёрткія i быстрыя «месершміты».