Читать «Мінскі напрамак. Том І» онлайн - страница 12

Іван Мележ

Але тут да яго парывіста ступіў Васіль, сціснуўшы аўтамат i змерыўшы Грэчку бязлітаснымі блакітнымі вачыма, якія гарэлі ад гневу i абуранасці.

— Што? М-мы драпаем? — прамовіў, заікаючыся ад узрушэння, Крайко, гатовы зараз ухапіцца загрудкі. — Кажы: м-мы драпаем?

Ніжняя, па-юнацку пухлая губа яго дрыжала. Грэчка разгублена аглянуўся вакол, шукаючы падтрымкі, але сустрэўся з насцярожанымі, непрыхільнымі позіркамі.

— Ну, прывязаўся. Хіба я ведаю, як другія.

— Не ведаешь — не кажы!

Туравец, які сачыў за гэтай сцэнай, загадаў выступаць. Лепшага адказу на словы Грэчкі i не трэба было. «Раскіс сам ды яшчэ над другімі каркае!» — падумаў камісар непрыязна i рашыў, што трэба будзе наглядаць за Грэчкам.

Крайко неахвотна адступіўся ад Грэчкі, з сілай кінуў аўтамат за плячо.

— Драпаюць! Бач ты, зараза...

Ён доўга не мог супакоіцца.

Прыкры ўспамін аб размове з Грэчкам не пакідаў i камісара.

Прайшоўшы крыху, ён, нібы правяраючы настрой людзей, азірнуўся назад i ўбачыў непадалёк Ніну. Туравец заўважыў,— светлы, з тонкімі рысамі твар, на які выбіваліся з-пад хусткі пасмамі жытнія валасы, за гэтую ноч асунуўся i пашарэў. Яна ступала за ім, гледзячы на сляды, як бы баялася згубіць сцежку.

Пасля гэтага вочы Тураўца сустрэліся з позіркам Васі. Ад чыстых, даверлівых вачэй хлопца, ад адчування, што гэтыя людзі вераць у яго, камісара, прыкрасць знікла.

Раптам наперадзе, там, дзе ішоў пярэдні дазор, прагучала аўтаматная чарга i некалькі асобных стрэлаў.

Усе адразу спыніліся. Ix абступаў вакол часты хмызняк, над якім дзе-нідзе ўзносіліся рослыя асіны i вольхі.

Туравец паслаў Васю Крайко наперад:

— Даведайся, што здарылася.

Там перастрэлка памацнела, i камісар, не чакаючы Крайко, стаў прабірацца між кустоў наперад, трымаючы аўтамат напагатове. Па дарозе ён спаткаўся з Васем, які вяртаўся назад. Хлопец сказаў, што партызаны наткнуліся на групу гітлераўцаў.

— Колькі ix?

— Кажуць, цяжка даведацца. Фрыцы хаваюцца ў зарасніку... Але калі меркаваць па страляніне, таварыш камісар, ix небагата.

— Калі меркаваць па страляніне?— У Тураўца была звычка перапытваць,— перапытваючы, ён зірнуў на таго, хто казаў, як бы хочучы яшчэ штосьці даведацца.— Ну, брат,— гэта рызыка. Або, або...

Магчыма, гэта была ўсяго адна з невялікіх вандроўных дэсантных групак, якія часта гітлераўцы пасылалі ў раёны блакады, каб нарабіць больш панікі. Але верыць вельмі ў гэта не прыходзілася, бо частка карнікаў магла да часу сядзець ціха або знаходзіцца дзе-небудзь непадалёк. Гітлераўцы, мусіць, таксама не ведалі пра сілы партызан, — атрымаўшы адпор, яны не высоўваліся асабліва, абмяжоўваліся перастрэлкаю.

Туравец i Дрозд рашылі не завязваць бою, ён не абяцаў нічога добрага. Партызаны стаміліся, патронаў i гранат мала, — а самае галоўнае,— трэба хутчэй дабірацца да сваіх.

Не чакаючы, пакуль гітлераўцы апамятаюцца, Туравец загадаў адыходзіць, — трэба абысці засаду.

Перабягаючы ад куста да куста, прыкрываючыся невялікай заслонай, партызаны пачалі паспешліва аддаляцца ад месца сутычкі. Неўзабаве стрэлы сталі чуваць справа, пасоўваючыся назад, потым зусім сціхлі. Немцы не адважыліся ісці за імі ці, можа, страцілі след.