Читать «Мінскі напрамак. Том І» онлайн - страница 15

Іван Мележ

Заўважыўшы самалёт, усе спяшаліся дзе-небудзь схавацца.

Васіль увесь час стараўся быць каля камісара. Хлопец з павагай назіраў за ім, — каму-каму, a Тураўцу было клопатаў! Вася бачыў, як ён уважліва сачыў за маршрутам. У гэтым бездарожжы было лёгка збіцца, ноччу i ўдзень ім прыходзілася нярэдка кружыць— абыходзіць азёрцы, балотныя выгары. Шкадуючы людзей, стараючыся хутчэй дабрацца да брыгады, Туравец увесь час вышукваў зручнейшыя сцежкі. Разведваў ix сам, пытаўся ў Дразда, правяраў па карце.

Ён быў, здавалася, нястомны. Ступае лёгка, калі-нікалі падбадзёрыць жартам. Васілю прыемна было ісці поруч з ім; радавала, што такі чалавек сказаў: яго, Васю, могуць прыняць у партыю.

Калі яны прабіраліся праз зараснік, то натрапілі на некалькі чалавек, схуднелых i ператрывожаных. Гэта былі людзі з блізкай вёскі, якія ратаваліся ад гітлераўцаў. Пажылая жанчына з сумнымі чорнымі вачыма, каля якой маўкліва ціснулася двое дзяцей, запыталася ў Васі:

— Няўжо могуць яны сюды дайсці? Ці, можа, партызаны не прапусцяць?

У яе вачах быў страх. Яна толькі сёння ўранні выратавалася ад смерці: выскачыла з сяла, якое ўжо акружылі карнікі.

Тут хавалася некалькі сем'яў: жанчыны, старыя i дзеці. Паблізу, прывязаная да бярозкі, звешвала галаву рабая, з белай лысінкай карова, мыза якой была абвязана хусткай.

Людзі згаварыліся перасядзець разам у лазняку, пакуль не сціхне блакада, калі можна будзе вярнуцца ў сяло.

Неўзабаве партызаны напаткалі дзяцей, што сядзелі купкаю пад арэхавым кустом, на якім толькі што пачыналі распускацца жоўтыя лісточкі.

Убачыўшы ўзброеных людзей, дзеці перапалохана ўскочылі. Ix было чацвёра. Большая з ix, хваравітая, з доўгімі нашчэнт абадранымі худымі ножкамі дзяўчынка, схапіла на рукі хлопчыка, прыціснула да худых грудзей, як бы абараняючы. Яна глядзела нахмурана, з-пад крутога ілба. Было відаць, што хоць яна i бяссільная, але ўсё-такі не дасца ў рукі без бою.

Дзяўчынка з круглымі вачыма, у зрэбнай кашулі, разадранай да пояса, загаласіла:

— Мама-а! Мама-а! А-а-а!

Яна раптам упала ніцма, затрэслася, стала біць маленькімі бруднымі кулачкамі па зямлі.

— Дурныя, чаго ж вы баіцеся? Мы ж партызаны, — сказаў Вася.

— Гэта ж партызаны!— прамовіў большы хлопчык такім голасам, нібы зрабіў раптам важнае адкрыццё, ён паказаў на ордэн Чырвонай Зоркі на гімнасцёрцы камісара. Хлопчык быў, можа, равеснікам старэйшай дзяўчынкі. Твар яго да самых вачэй закрывала вялікая шапка з паламаным шырокім казырком.

Ніна паспрабавала падняць дзяўчынку, але тая вырывалася з рук i драпалася пазногцямі, мармычучы пасінелымі губамі: «У-у-у... ма...»

Дзіця не слухалася ўгавору.

— Замоўкні, зараз жа! — неспадзявана строга, па-мацярынску прыкрыкнула Ніна.

Васіля здзівіла, што яна, заўсёды ласкавая i добрая, так сурова абыходзіцца з малою, але ён не сказаў нічога, — ён верыў Ніне. Калі яна так гаворыць, напэўна, гэтак i трэба.

I праўда, малая адразу сціхла, спалохана скурчылася i з асцярогай паглядзела на цёцю. Ніна лагодна прамовіла:

— Вось так!

— Яна ў нас гэтак ужо трэці раз,— загаварыла старэйшая дзяўчынка, усё яшчэ не выпускаючы з сваіх рук хлопчыка. — Як толькі напалохаецца, дык i пачне лемантаваць: «Мама». На ўвесь лес. Мы ёй сказалі, што кінем, калі яна будзе так крычаць. Тады яна сказала, што больш не будзе.