Читать «Мінскі напрамак. Том І» онлайн - страница 11
Іван Мележ
Сонца ўзнялося над хмарнай аблогай, i ўсё навокал урачыста зіхацела. Было незвычайна свежа i чыста. Такія раніцы, ведаў Туравец, бываюць толькі вясною; яны падымаюць i бадзёраць чалавека,— само паветра такое, што лье ў сярэдзіну сілу.
У гэты час яго ўвагу кранула адна акалічнасць: Туравец заўважыў, што прачнуўся Грэчка. Цікаўнасць камісара была выклікана тым, што Грэчка ўвесь час спаў трывожна, стагнаў у сне i прасіў аб нечым. Цяпер той сеў, пачухаў галаву, агледзеўся вакол соннымі здзіўленымі вачыма. Як толькі вочы яго ажылі, на твары лёг пакутны цень. Грэчка занепакоена ўлавіў на сабе позірк i зірнуў на Тураўца, — камісару здалося, што ён хоча аб нечым запытацца, але не асмельваецца. Калі Грэчка азірнуўся, Тураўцу раптам успомнілася, што гэтак ён паглядзеў учора, уцякаючы ад танкаў, калі камісар спыніў яго.
Грэчка ўстаў цадышоўшы крыху, убачыў раптам Шабуню. Ён хутка, амаль спалохана адвярнуўся ад нябожчыка i падаўся прэч. Спыніўшыся каля лужы, партызан стаяў некалькі хвілін, як бы ў глыбокім роздуме. Туравец бачыў толькі яго калматую галаву i плячо, якія віднеліся між двух лазовых кустоў. Вярнуўся ён не памыўшыся, з чорнымі тарфянымі плямамі на твары.
Грэчка лёг, але не заснуў i хутка зноў падняўся. Ён дастаў з кішэні кавалак хлеба, стаў паволі жаваць i ўсё панура маўчаў, паглыблены ў нейкія свае думкі.
Туравец неўзабаве загадаў яму будзіць усіх.
Ніна доўга не магла адолець сну.
— А-а? Устаць? Добра, зараз, — прамармытала яна, не расплюшчваючы вачэй, але, калі Грэчка адышоў, зноў заснула.
У другі раз партызан быў больш настойлівым, не адступаўся датуль, пакуль яна не ўстала. Цяжка было Ніне расплюшчваць быццам склееныя вейкі, ранішняе зіхатлівае святло рэзала засмужаныя, хмурыя вочы. Можа, лепш было б, каб яна не лажылася зусім.
Ужо амаль усе сабраліся, i Ніна, як толькі сагнала сон, заспяшалася, каб не адстаць ад іншых. Яна спехам памылася, выцерла твар i рукі ручніком i хуценька прычасала скалмачаныя, крыху кучаравыя, валасы.
Шабуню хавалі маўкліва i проста. Апошняга развітальнага залпа не было, бо недзе блізка маглі таіцца немцы. Не было слёз, усіх трывожыла няпэўнасць становішча.
— Шукаць трэба сваіх хутчэй,— сказаў Крывец, пажылы кулямётчык, калі на невялікім шэрым капцы Дрозд паставіў вешку. — А то як пчолы, што адбіліся ад вулля.
Грэчка адразу адгукнуўся:
— А што там — невядома яшчэ. Можа, i там не рай. Ад брыгады, мусіць, цяпер рожкі ды ножкі.
Туравец, які ўжо чакаў каманды Дразда ісці, запытаўся з іроніяй у Грэчкі.
— Адкуль у цябе, прыяцель, весткі такія?
Грэчка, прыладжваючы мяшок за плечы, падняў позірк на камісара i панура запытаў:
— Дзе ж брыгада?
Туравец адчуў, як усе сціхлі, чакаючы адказу.
— Як — дзе? Брыгада там, дзе ёй трэба! — прамовіў ён спакойна i цвёрда. — А цябе, прыяцель, прашу язык за зубамі трымаць, каб не матляўся лішне. А то прыдзецца пакараціць.
— Нават, калі што i сталася з ротаю, дык яна ж не адна, — адгукнуўся Крывец.
— I другія так жа... драпаюць, — не ўтрымаўся Грэчка. Ён, ні на каго не пазіраючы, паварушыў плячыма, правяраючы, як сядзіць мяшок, узяў у рукі вінтоўку.