Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 9

Miкола Гіль

А Мішу яе ўзяць? Быў хлопец як хлопец, на будоўлі рабіў — яго Сонька ў горад перацягнула і да сябе на будоўлю ўзяла. Колькі гадоў жыў як чалавек, зарабляў добра, да трох соцень, бывала, у месяц выганяў — ён жа і цясляр табе, і муляр, і сантэхнік, і электрык. А таксама ж каторы ўжо раз разрываецца між работаю і шабашкай. Падрадзіўся людзям па сёлах паравое ў хатах праводзіць. Суботы і нядзелі не бачыць каторы гадок: па сёлах гойсае. Спачатку паблізу Мінска, а цяпер, як на машыну ўзбіўся, дык і за сто, і за дзвесце кіламетраў дападае. Два-тры разы з'ездзіць — глядзіш, чатыры сотні прывязе. І ўсё таксама на кніжку, як і Сонька. А радасці ў сям'і няма. Вера яго, кажуць, падгульвае. Яна дыспетчаркай на аўтастанцыі, от, кажуць, з шафёрамі там і круціць хвастом. Міша, пэўна, здагадваецца, але церпіць, толькі яшчэ больш у тую шабашку ўдаецца. Учарнеў увесь і ад работы, і ад думак тых. Дзяцей пажанілі, адсялілі ад сябе, машыны тыя самыя і ім пакуплялі, а самі на старасці гадоў ці дажывуць во разам? Баіцца яна, Стэпачка, што скончыцца ў Мішы з Вераю не дабром, бо, кажуць, яна не толькі пагульвае, а і да чаркі пачала прыкладвацца...

У Васі быццам усё добра, як для чужога вока. А як ёй, матцы, дык таксама здаецца, што не так і добра. Вася, старэйшы яе, ці не бяднейшы сярод усіх. Нейкі ён непастаянны, невязучы, Вася. Дзе ўжо ні рабіў, а ўсё не па-ягонаму. Шафёрам шмат гадоў рабіў, а потым і вагоны суправаджаў, і кладаўшчыком на нейкай базе быў, і грузчыкам, а ўсё нечага шукае. А жонка, Аня, яго грызе. Усё жыццё грызе. За тое, што мала палучае. А раней грызла, што братам памагаў. А ён жа, ведама, памагаў. Усім меншым, як прыходзілі яны ў Мінск. І Міша, і Толік, і Косцік і жылі ў яго, пакуль у інтэрнаты не ўбіваліся ці кватэру не знаходзілі, і капейчынай памагаў. У Васі душа добрая, апошняе аддасць. А якой жонцы гэта даспадобы? А цяпер і Міша, і Толік жывуць куды багацей за Васю, от Аня зноў яго грызе: «Бачыш, якія твае браточкі харошыя? Як ім цяжка было, дык — да Васі, а цяпер — цьфу на Васю, ніхто і не ўспомніць, колькі ты іх пакарміў-папаіў, колькі ты ім траякоў ды пяцёрачак наперадаваў...» Быццам і праўду кажа Аня, але — што ж, Вася цяпер будзе спаганяць з братоў тыя траякі ды пяцёркі?