Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 10

Анатоль Крэйдзіч

— У бальніцы была?

— А як жа. Бальнічны далі... на тры дні. Сказалі, як будзе горш, каб прыязджала, прадоўжаць. Але яна не хоча ехаць. Там, кажа, пакуль дачакаешся сваёй чаргі — памерці можна. Лепей ужо на працу хадзіць.

— І што, ходзіць?

— А куды дзецца? Бальнічны ж калі ўжо кончыўся.

— Кепска ёй, мусіць, пакалечанай, працаваць?

— А няўжо ж добра. Прыйдзе з фермы — і ў ложак адразу.

— Няхай бы хоць з калгасным начальствам пагаварыла, каб адпусцілі на які тыдзень-два. Жывыя ж людзі, павінны зразумець.

— Ага, чакай — кінуць яны табе ўсё і пачнуць разумець нейкую там замурзаную даярку. Яны ж цяпер злыя на маму.

— За што гэта?

— Прасілі, каб сказала ў дзяржстраху, што траўму не на працы атрымала. Ім жа за гэта нібыта вельмі дастаецца ад начальства. А яна не паслухалася. Крыўдна, што гэтулькі дармаедаў сядзіць у канторы, і ніхто ні пра што не дбае. Дый страхоўка большая будзе.

Бацька падняў рыдлёўку, падзёўбаў ёю мокры чарназём, зноў увагнаў у зямлю і заключыў, нібы прачытаў прысуд:

— Цяпер у начальнікаў справядлівасці не даб'ешся.

Маці ляжала на канапе ў зале. Не спала, таму сына заўважыла адразу.

— Помніш? — сказала, калі Жэнік прысеў побач, — ты некалі хацеў стаць трактарыстам, як бацька. Добра, што адгаварылі цябе...

Маці, здавалася, гаварыла больш самой сабе, чым Жэніку. Але адтаго, што сын слухае яе, рабілася лягчэй на душы...

Хлопец на якую хвіліну нібы разгубіўся. Слізгаў позіркам то па вялізных зімовых яблыках на стале, ад аднаго паху якіх сціскала зубы аскома, то разглядаў дарожкі на падлозе. Там-сям на іх падсыхалі камячкі чорнай зямлі — трэба было б вынесці іх на вуліцу, павыбіваць. Вялізнае лісце фікусаў пакрылася сівізною — таксама ніхто іх даўно не даглядаў. Праўда, утульнасць яшчэ цяплілася ў хаце, але яе прыкметна паменшала. З хваробай гаспадыні ў заняпад прыходзіць не тое што хата, але і ўся гаспадарка — гэта даўно прыкмечана людзьмі.

Жэнік раптам адчуў, што матчына крыўда перакінулася і на яго. Вось яна ўжо распірае грудзі, бліскае з вачэй нядобрым помслівым агеньчыкам, сціскае ў кулакі пальцы.

Ён ускідваецца з лаўкі, кіруецца да дзвярэй, азіраецца на трывожнае матчына «Ты куды, сынок?», прыкмячае адначасова, як з іконы ў процілеглым кутку на яго з папрокам пазірае Хрыстос і быццам памахвае даўгімі перакрыжаванымі сярэднім і ўказальным пальцамі. Жэнік супакойвае маці кароткім «Зараз вярнуся» і шумна выбягае на парог...

* * *

Вечар неўпрыкмет накрывае хлопцаў празрыстым чорным вэлюмам, і яны, адгароджаныя ад чужога вока цёмнаю сцяною, смялеюць, гавораць усё гучней і гучней, ужо не хаваюць пляшку за ствалом маладой разгалістай таполі, у кроне якой няўклюдна варочаецца выпэцканая ў сажу вата нізкіх, набрынялых веснавой вільгаццю хмар.

У кампаніі лепшых сяброў Жэнік пачувае сябе ўтульна. Блакітнае неонавае святло тоўстым пучком вылятае з акна вясковай сталоўкі-забягалаўкі, насупраць якой і размясціліся хлопцы. Па правую руку ад Жэніка сядзяць браты Сяргей ды Віктар. Побач хістаецца даўгі, як хлыст, кудлаты тамада з пляшкаю і шклянкай у руцэ. Яго таксама завуць Віктар. Але хлопцы вымаўляюцьь гэтае імя адмыслова — націскаючы на апошні склад. У іх атрымліваецца — Вікт'ор.