Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 39

Анатоль Крэйдзіч

— Вераніка, я не веру табе. Ты была сапраўдным анёлам. Я не хачу, каб ты расказвала мне пра гэта.

— Не, я буду працягваць. У нас не дайшло да ГЭТАГА...

«...Ён папрасіў мяне распрануцца, але я ўся дрыжэла ад страху і не магла скрануцца з месца. А гэты паскудны чалавек, які падобны быў на кій, і калі ішоў, то здавалася, што ў яго хранічны радыкуліт, супакоіў мяне: я не зачаплю цябе, я хачу толькі палюбавацца табою. І я зрабіла, як ён прасіў. Каб ты бачыў, як ён захапляўся маім целам, як цалаваў мае ногі, бёдры і жывот. Не скажу, што гэта было прыемна мне, але перад вачыма маімі ўсплыло самае галоўнае: уціснутая ў клетачку дзённіка дробненькая пяцёрка і сшытак у белай вокладцы, у якім наступны запіс будзе гэткім жа прыемным, як і папярэднія...»

— Гэты запіс у цябе атрымаўся вельмі доўгі. Але ты забыла назваць дату, калі ён рабіўся.

— Гэты запіс захаваўся толькі ў маёй памяці. У сшытку ён выглядаў бы занадта пачварна. А яго ж разграфаваныя лісты былі маім жыццём. Я сама ператварылася ў гэты сшытак.

— Ты падманвала сябе.

— Магчыма. Але так было.

— Са мною ты таксама цалавалася дзеля запісу ў сшытку?

— Гэта пытанне-папрок?

— Не, я задаў яго з цікаўнасці.

— Тады адкажу. Не варта скідваць з рахунку, што я ўсё ж была дзяўчынаю. І дзяўчынаю дарослай. Я нават пачувала сябе жанчынай, і з табою зусім забывалася на сваю хваробу. Яна мяне ненадоўга адпускала. Але ў рэшце рэшт мне наканавана было так і застацца разграфаваным сшыткам. Хочаш, я пакажу табе свой адбітак?..

Не чакаючы адказу, яна падхапілася, скіравала да кніжнай шафы, і я ўбачыў перад сабою зусім не тое, чым любаваўся колькі гадзін таму. Гэта была постаць няшчаснай, стомленай жанчыны. І я падумаў: гэтая хвароба ўсё ж даканала яе.

Не, яна не горбілася. Але рухалася так, нібы наперадзе стаяла гільяціна і ёй трэба горда пакласці на яе сваю галаву. Горда і толькі горда, каб не выклікаць жаласлівасць у некага з тых, хто з прыкрасцю сочыць за кожным яе рухам. Здаецца, ззаду, з бакоў жанчыну акружылі вясковыя бабкі-балбатухі і скрушна ківаюць галовамі: «Хто б мог падумаць, хто б мог падумаць. Які жах, які жах. Жыві проста, кажуць, пражывеш год да ста. Не хоча «проста», не хоча».

Шафа была вялізная і са шклянымі дзвярыма, за якімі я знайшоў вачыма чорныя вокладкі Поўнага збору твораў Леніна і мноства бліскучых, яркіх пераплётаў. Можа, гэта былі кнігі з серыі эратычных бестселераў. А калі адчыніліся ніжнія непразрыстыя дзверцы, увагу прыцягнулі цэлыя стосы тонкіх і агульных сшыткаў. Напэўна, сярод іх ляжалі і вучнёўскія дзённікі. Вераніка ўзяла самы верхні, абцягнуты бялюткаю штучнаю скураю. Выглядаў ён як новы: чысценькі і акуратны.

Я падхапіў яго з вялікай асцярожнасцю. Адчуваў — я першы пасля Веранікі, хто гартае гэтыя пазначаныя чужою таямніцаю старонкі. Большая палова іх аказалася спісаная раўнюткім курсівам і разграфаванымі на тры гарызантальныя паловы: першая — дата, другая — асноўны запіс і трэцяя, самая вузкая (прыкладна два-тры сантыметры шырынёй) аддзяляла чыстае поле. Почырк на першай і апошняй старонцы мала чым адрозніваўся. Можа, з часам ён стаў хіба толькі болей размашысты.