Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 37
Анатоль Крэйдзіч
Я хацеў даць ёй выказацца да канца, але не стрываў:
— Не блазнуй. Пра каго іншага я, магчыма, і напісаў бы так (дарэчы, ты вельмі добра засвоіла мой стыль). Але пра цябе... Гэта было б злачынствам.
— Нічога ты не зразумеў, інжынерышка чалавечых душ. Не пра сябе ж гавару. Я бяру ў прынцыпе.
— Ты хочаш сказаць, што я не справядлівы да тых, каго крытыкую ў сваіх артыкулах? — Я адштурхнуў нагою пярэстага ката, што безупынку цёрся аб калашыну, і нахіліўся, каб скінуць варсінкі.
— Ды не, нічога такога я табе сказаць не хачу. Проста распавяду дзе-што пра сябе.
— Прабач, Вераніка, але ж першая гадзіна ночы. Мне даўно пара дахаты. Хіба мы другім разам не зможам завяршыць гэтую гутарку?
— Не, другім разам будзе не той эфект. Дазволь мне затрымаць цябе яшчэ на адну гадзіну.
— Добра, слухаю. — Я закінуў нагу за нагу, абхапіў рукамі калена і ўжо сядзеў як на іголках.
* * *
«...Веранічка, пакажы гэтым лайдакам, як трэба адказваць на ўроку. Малайчына. Выдатна...
...Веранічка, захварэла настаўніца нямецкай мовы. А ты ж у нас выдатніца, напэўна, вывучыла ўсё наперад. Правядзі колькі ўрокаў. Нічога, што вучаніца. У цябе атрымаецца. З хіміяй жа справілася. Вось і слаўненька...
...Слова мае выдатніца вучобы, член бюро райкома камсамола Вераніка Ламейка...
...Прыемна, што сярод выпускнікоў нашай школы ёсць і залаты медаліст. Гэта, як вы, напэўна, здагадаліся, Вераніка Ламейка...
...У апараце райкома партыі мы таксама абмяркоўвалі кандыдатуру Ламейка і прыйшлі да вываду, што, заняўшы пасаду першага сакратара райкома камсамола, яна здолее ўзняць работу раённай камсамольскай арганізацыі на належны ўзровень... Хто за? Аднагалосна...
...Мяркуем, гады працы ў райкоме камсамола не прайшлі дарэмна для Веранікі Максімаўны. Яна набралася вопыту, пасталела і, да ўсяго, паказала выдатныя арганізатарскія здольнасці. Настаў час падумаць і пра далейшую кар'еру. Прапаноўваем табе пасаду сакратара па ідэалогіі райкома партыі. Як лічыш — справішся? Вось і малайчына. Мы таксама не сумняваемся...»
— А ты... Ты зведаў гэтую хваробу?
— Ты маеш на ўвазе хваробу росту?
— Не зусім росту. Хваробу імклівага ўзлёту. Быццам бы ты разагнаўся і не ведаеш, як спыніцца. І не хочаш спыняцца. Ляціш сабе, бяжыш, імчыш па інерцыі, і ўвесь захоплены гэтым бегам, і нічога больш для цябе не існуе, акрамя асалоды руху.
— Не, мяне такая хвароба мінула. Пасля журфака я атрымаў накіраванне ў моладзевую газету... Там і працую.
— Здаецца, мы сябравалі з табою адзін год. Пасля я і матка ўцяклі ад бацькі далёка-далёка — ехалі некалькі сутак цягніком... А ты падаўся на вучобу. Там я пайшла ў дзевяты клас. Я была вясковаю з дня нараджэння, але зусім не ведала, што такое сялянская праца. Захваленую выдатніцу маці баялася прымушаць рабіць што-небудзь па гаспадарцы. «Ты ўжо вучы лепш свае ўрокі, я і сама тыя грады пасаджу. Вучыся, дык не будзеш пасля пакутаваць, як твая маці». Калі яна ішла на працу (відаць, там было шмат клопатаў, бо вярталася яна з заходам сонца), я даставала з партфеля дзённік і доўга любавалася ягоным змесцівам: пагладжвала пальцамі круглыя, як каўшы, або размашыстыя, акуратныя ці нязграбныя пяцёркі. Іх колькасць была для мяне тое самае, што для філатэліста колькасць рэдкіх марак. Пасля я гэтак жа любавалася сваімі сшыткамі, у якіх не магло быць ніводнай памылкі. Толькі роўны, як у кнізе па чыстапісанні для пачатковых класаў, почырк і чырвоныя коўшыкі пяцёрак. З сёмага класа я завяла яшчэ адзін дзённік (бачыла такі ў старэйшай сяброўкі. Там запісваліся пажаданні знаёмых, песні, якія ёй падабаліся, шмат выслоўяў пра каханне і нешта яшчэ, размаляванае каляровымі фламастэрамі). Гэта быў абгорнуты белаю скураною вокладкаю тоўсты агульны сшытак, кожную старонку якога я акуратна разграфавала з дапамогай лінейкі і чырвонай пасты, каб пасля запаўняць тыя графы прыкладна такою дурнотаю: