Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 38
Анатоль Крэйдзіч
«1 верасня 1969 года. Мяне папрасілі выступіць на свяце першага ўрока ў райцэнтры. Гаварыла без паперкі. Калі скончыла, загадчыца райана, якая стаяла ззаду, некаму шапнула: «Вельмі, вельмі разумная дзяўчына. Звярніце на яе ўвагу...»
2 верасня 1969 года. Выкладчыца гісторыі, яна ж дырэктар школы (слова ДЫРЭКТАР я якуратна, пад лінеечку, падкрэсліла), сказала: «А зараз я хацела б даведацца, што вы памятаеце з пройдзенага намі ў мінулым навучальным годзе. Але я баюся, каб вы не сапсавалі мне першы ўрок. Я хацела б хоць сёння мець добры настрой, і таму выклікаю да дошкі Вераніку Ламейка...»
3 верасня 1969 года. Верачка, мы просім цябе ўзяць шэфства над адстаючымі вучнямі твайго класа...
26 студзеня 1970 года. У мяне закахаўся самы прыгожы вучань з 9 класа Андрэй К., з якім за шчасце палічыла б сябраваць любая дзяўчына школы. Ён таксама выдатнік і друкуецца ў газетах...
8 красавіка 1970 года. Маці сказала: «Веранічка мая, і ў каго ж ты такая разумненькая ўдалася. Матка ж твая дурніца з дурніц, а бацька і зусім п'яніца...»
— Чакай. Я хачу вярнуцца да папярэдняга запісу. Хіба ты магла напісаць такое пра мяне? Ты ж кахала мяне. Кахала, так?
— Гэта яшчэ дробязі. Паслухай, што я працытую далей.
«...На ўроку ваеннай падрыхтоўкі праходзілі стральбу. Я адстралялася горш за ўсіх. Тады ваенрук заявіў, што паставіць мне адзнаку «добра», і не болей. Я пачала пярэчыць, маўляў, тое, як я страляю, не павінна ўплываць на адзнаку. Галоўнае — я добра ведаю дысцыпліну. Ён зараз жа задаў некалькі пытанняў, і я заблыталася ў іх, бо была занадта ўзбуджаная: мяне вельмі страшыла, што ў маім бездакорным дзённіку можа з'явіцца цёмная пляма. Калі ён папрасіў дзённік, я паглядзела на яго гэтак жаласліва, што пусціў бы слязу і камень, і прашаптала: не магу, вельмі вас прашу. Ён лагодна ўсміхнуўся (так лагодна, як можа ўсміхацца забойца, стоячы над сваёй ахвяраю) і прапанаваў застацца ў ціры пасля ўрокаў, каб трошачкі патрэніравацца. Але мы не трэніраваліся...»