Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 36

Анатоль Крэйдзіч

— Ты многа зарабляеш?

— Нямала.

— А чым займаешся?

— Маю прафесію ты неаднойчы абліваў брудам у газетах.

— Найбольш чытацкі інтарэс выклікалі мае публікацыі аб праблемах прастытуцыі, але ж...

— Але ж што? Цябе здзіўляе мая сённяшняя прафесія?

Я з асаблівай выразнасцю зірнуў на яе кругленькае вабнае каленца, якое зманліва вызірала з-за століка, быццам бы паказваючы сваім позіркам, што цяпер мне стаў зразумелы яе выгляд...

Вераніка не зніякавела. Яна толькі паставіла пасудзіну з каваю на сурвэтку — прама на акно намаляванага будынка, размашыстым рухам паднесла да матавых вуснаў цыгарку і чыркнула запальнічкай.

Не сказаць, каб гэтая наколькі знаёмая, настолькі і незнаёмая жанчына цяпер, калі ўва мне даўно перагарэла тое юначае пачуццё, зусім не вабіла да сябе. Але я адчуваў, што стрымацца ад спакусы прытуліцца да гэтага рухавага гарачага цела будзе няцяжка. «Нават калі б яна зараз падышла да мяне ззаду і пачала песціць, я не паддаўся б». І зусім не таму, што Вераніка была не здольная ўзбудзіць мяне (усё якраз наадварот). Проста за пятнаццаць год свайго сямейнага жыцця я ні разу не здрадзіў жонцы, і гэтая мая сямейнасць (падкрэсленая, дарэчы, і гараскопам), павага да хатняга акружэння ўвайшлі ў маю кроў — трывала, назаўсёды.

Праўда, Вераніка і не прадпрымала нічога для таго, каб справакаваць мяне на блізкасць.

— Я чытала твае артыкулы «...У гатэль уварваліся аўтаматчыкі», «Целам гандляваць — не зямлю араць», «Да рынку — з голым задам». У іх мяне нічога не здзівіла, акрамя тваёй нецярпімасці...

Вераніка скамячыла ў попельніцы акурак, адкінулася на мяккую спінку крэсла, склала на грудзях рукі.

— У мяне тут вось якая думка наспела. Хачу прапанаваць табе цудоўнейшую тэму для чарговага артыкула. Ён павінен па ступені папулярнасці перакрыць усе, што былі напісаны раней... А шампанскага мы ўсё ж вып'ем. Усё роўна я затрымаю цябе на якія паўгадзіны.

І Вераніка борздзенька залапатала ўступцамі да сценкі, адчыніла бар, выбрала сярод мноства бутэлек адну, паставіла разам з крыштальнымі філіжанкамі на столік.

— Адкрывай.

З шакаладам шампанскае паказала мякка-салодкі смак.

— Ты ж, наколькі я памятаю, гэтак, як да прастытутак, нецярпімы і да камуністаў?

— І гэтаму ёсць прычыны.

— Няхай сабе. У такім выпадку я для цябе проста знаходка. Ты толькі ўяві сабе: былы адказны работнік крайкома партыі...

— Ты гаворыш пра сябе?

— Я працавала сакратаром па ідэалогіі...

— Ну і ну-у?

— Не перапыняй больш. Я працягваю. Уяві сабе: былы адказны работнік крайкома партыі становіцца прастытуткай. Памятаеш, ты не так даўно называў партыйцаў гэтым словам... Ну, у пераносным сэнсе. Памятаеш?

— Так, помню.

— Дык цяпер у цябе ёсць магчымасць абысціся без параўнанняў. Перад табою — самы што ні ёсць партыйны бюракрат, які ператварыўся ў сапраўдную прастытутку. Ты пачнеш свой артыкул так: «Шаноўныя мае чытачы (ты ж іх любіш, шануеш, ці не так?). Тое, што я вам скажу зараз, магчыма, шакіруе вас. Справа ў тым, што зусім нядаўна я сустрэўся з адной прастытуткай, якая, як пасля высветлілася, у часы камуністычнага праўлення кіравала, вазьміце гэта пад увагу, ідэалогіяй цэлага краю. Вы здзівіліся гэтаму паведамленню? Дарэмна. Асабіста я іншым словам іх ніколі называць не мог. Нарэшце паказалі сапраўднае сваё аблічча...»