Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 34
Анатоль Крэйдзіч
— Ён калі і змешваў нас з граззю, дык не з чыёй-небудзь, а з нашаю, якой нам не пазычаць...
Мы крыху паслухалі яшчэ, але хутка зразумелі, што канца дурной спрэчцы не будзе, і загаманілі пра сваё, закідваючы адно аднаго пытаннямі. Праўда, Вераніка яшчэ паспела, перш чым мы поўнасцю адасобіліся ад кампаніі, кінуць колькі слоў у гэтае месіва абвінавачванняў. Глыбакадумна зацягнулася цыгарэткаю, эфектна прыцерусіла попелам абгрызеныя костачкі ў талерцы, пасля не то для сябе адной, не то і для мяне таксама сказала:
— Чаго яны дабіваюцца адзін ад другога? Усё адно ж не знойдуць ісціны. Бо сама спрэчка — гэта і ёсць ісціна, бо жыццё — гэта суцэльная супярэчлівасць, няхай сабе і жыццё аднаго чалавека.
Такім чынам Вераніка разбіла ўсе довады «пракурораў» і «адвакатаў» і зрабіла спрэчку пустой і непатрэбнай. Я ж ад гэтых слоў устрапянуўся, адчуўшы, што маю справу зусім не з тою гарэзай-дзесяцікласніцай, з якою да самазабыцця цалаваўся больш чым дваццаць год таму ў хвойніку паміж яе і маёй вёсачкамі. Поруч са мной сядзела, выставіўшы кругленькае крамянае каленца, занадта сур'ёзная, нават, падалося, суровая жанчына, якая, магчыма, перанесла нямала душэўных выпрабаванняў. У гэты момант яна выглядала чужою не тое што ў нашай кампаніі, але і наогул у чалавечым жыцці — такім дробязным і нікчэмным. Пад яе пранізлівым позіркам я пачуваў сябе не вартым увагі мурашком. Уважлівей прыгледзеўшыся да сваёй даўняй знаёмай, я знайшоў, што ўся гэтая кідкая апратка, якую яна нацягнула на сябе, — звычайны маскарад. Ні чырвоная кароценькая спаднічка, ні пушысты, вельмі багаты з выгляду пярэсценькі пуловер, ні доўгія бліскучыя кліпсы зусім не пасавалі ёй, бо тое, што было патрэбна ёй, — гэта шэры касцюм з якім-небудзь някідкім маленькім упрыгожаннем на лацкане пінжака і гэткая ж строгая (для дзелавой жанчыны) прычоска.
Мае развагі, відаць, занялі шмат часу. Вераніцы надакучыла выпрабоўваць на сабе мой хутчэй задубелы, чым задуменны, пагляд, і яна падхапілася, падсунулася бліжэй і зазірнула мне ў вочы:
— Ты хоць калі-небудзь успамінаў пра мяне?
— А ты?
— Божачкі, Андрэй, ты зусім не змяніўся. Ты як быў маўчуном, так ім і застаўся. Гаварыць не любіш, затое гатовы бясконца слухаць і слухаць... Помніш, калі ты праводзіў мяне дахаты і мы садзіліся на лаўку пад парканам, дык заўсёды не знаходзілі пра што пагаварыць. І ты плёў мне дурныя анекдоты, бо далей нашае маўчанне нельга было трываць.
— Помню, Вераніка. Я тады вельмі дакараў сябе за сваю маўклівасць. Баяўся, што стану табе нецікавы, што абрыдну табе і мы расстанемся. Мусіць, я кахаў цябе.
— А цяпер?
— А што цяпер. Цяпер у мяне ёсць жонка, трое дзяцей. Я іх вельмі люблю. Сям'я для мяне — святое. Дый хіба ў такім узросце гавораць пра каханне? Глупства.
Вераніка капнула сабе трошачкі «Рускай», паставіла на месца маленькі кругленькі графінчык. Сябры заўважылі гэта і накінуліся на мяне: