Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 12

Анатоль Крэйдзіч

Жэнік сядзіць на лаўцы пануры, знябожаны. Чакае выкліку. Правая рука яго з абабітымі пальцамі падпірае моцны, як вытачаны з каменю, падбародак. Вузкія і доўгія каласкі броваў маўкліва сышліся на пераноссі, па якім зверху ўніз пралеглі дзве глыбокія тужлівыя складкі. Выразныя вільготныя вочы, быццам дзве валошкі ў час дажджу, глядзяць некуды ўдалячынь праз тоўшчу шэрай бетоннай падлогі.

«Чаму бацькі ні разу не папракнулі мяне за той неразумны хуліганскі выбрык?» Сярод усіх пытанняў, якія мучаць яго цяпер, гэтае займае цэнтральнае месца. Часам яго засцяць іншыя пытанні, і яны таксама здаюцца галоўнымі.

«Навошта я званіў Валі? Што я гаварыў ёй? Гаварыў, што мне блага. Як жа гэта нізка, не па-мужчынску. Раскіс. Па падтрымку адразу кінуўся. Добра, што не паспеў нагаварыць многа — сувязь перапынілася. Далібог, апаратура айчынная... Валя, здаецца, нават не паспела нічога адказаць. А можа, і не хацела адказваць. Можа, забылася ўжо». Ад гэтай здагадкі сэрца сціскаецца ў маленькі цвёрды каменьчык і ные нудна, аж захлёбваецца, быццам увабраўшы ў сябе тысячы чалавечых боляў. Пакуты абвастрыліся яшчэ больш, калі хлопец уявіў сабе, як высмейвае Валя яго наіўнасць перад сваімі новымі жаніхамі.

«Цікава, як будуць выглядацьь гэтыя дні ў маім горадзе ўспамінаў праз некалькі гадоў». Ён спрабуе пафантазіраваць, але нічога не атрымліваецца. Перад вачыма ўзнікае вобраз маці — патухлыя вочы, пацямнелыя маршчыны, згорбленае цела і нейкая зацятая, прыдушаная маўклівасць. Тут жа прыйшло на памяць, як Сяргей пры сустрэчы паведаміў, што ён, Жэнік, не столькі нашкодзіў, колькі дапамог старшыні. У таго, аказваецца, вельмі балеў зуб, і якраз яго хлопец выбіў пры першым жа ўдары.

«Чорт, гэтаму гаду нават лупцоўка на карысць ідзе». Ад такіх думак маршчыны на пераноссі робяцца глыбейшымі, а бровы сыходзяцца шчыльней і ніжэй навісаюць над цёмнымі валошкамі вачэй.

«Пачытаю, што нефармалы пішуць. Кажуць, у іх больш праўды», — успамінае пра даўнюю пакупку, дастае з кішэні газету. Але раптоўны стук блытае думкі, змушае падняць галаву.

У расчыненых дзвярах паяўляецца грузная, распаўнелая постаць міліцыянера.

— Прымі дзяўчыну, хлопец. Толькі ненадоўга, начальнік убачыць — бяда будзе, — прабасілі яго тоўстыя добрыя губы, і ў пакой лёгкаю, асцярожнаю хадой увайшла... Не, не ўвайшла — выткалася з паветра (Божа, хто б мог падумаць) яго Валянціна. Здаецца, сама прыгажосць запоўніла залацістым святлом гэты маленькі халодны пакойчык.

Жэнік ускоквае, імкнецца рушыць насустрач і... не мае сіл. Ногі змярцвелі, нібы ўраслі ў бетонную тоўшчу падлогі.

— А вось і я, — гаворыць яна лёгка і проста, быццам прыезд гэты быў даўно запраграмаваны, і апякае яго рукі сваімі — мяккімі і пяшчотнымі. — Што ў цябе тут здарылася? Ты мне так і не паспеў усё сказаць па тэлефоне.

Ён песціць вачамі яе прыгожы, смуглявы твар і не знаходзіць што сказаць.

— Валя, я ўсё забываў у цябе спытаць, дзе ты так загарэла. Ты што, на курортах была? — гэтае пытанне аказалася нечаканым нават для яго. Адкуль яно толькі ўзялося?