Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 20

Алесь Разанаў

Страла вострая, як страсць, і той, у каго яна трапляе, выпадае са стромы звыклых радасцяў, страхаў, намераў, але таму, хто моцна трымае яе на напятай цеціве ў сваіх руках, яна, як астранаўт, адкрывае стромкае неба.

Ліштва

У хаты — акно, у акна — ліштва: лішак, што надае хаце свой адмысловы кшталт, сваё непаўторнае аблічча.

Ліштва — клішэ, у якім узоры лістоты і кветак злітаваны з чалавечым векам, і таму калі з лётам і бегам дзён лістота і кветкі ўсё больш становяцца леташнімі і колішнімі, то ліштва — усё больш векавечнай.

Ліштву шануюць і ў Літве, і ў Падляшшы, і на Палессі, і калі ліхія часы пазбаўляюць (лишают) хату ліштвы, вытлумачваючы гэта тым, што ліштва толькі (лишь) штучная і безгустоўная аздоба, то хата як бы перамяшчаецца са свайго лета ў восень, а то і ў зіму.

Ліштва не стандарт, а штандар, ушаляваны ў саму літару рэчаіснасці: яна вабіць вока і лашчыць думку.

Сажа

Сажа чорная, нібы ноч, і нават чарнейшая, чым ноч: у ёй чарната становіцца датыкальнай і набывае важкасць.

Сажа смажаная: яна «мажа» ўсіх, хто да яе датыкаецца.

У падпечку — попел, у печы — жар, у коміне і ў чалесніках — сажа: пасаг, які саджае і вырошчвае дым, а зжынае пажар.

Кросны

Кросны шматкроць паўтараюць адзін і той жа рух, адно і тое ж дзеянне, але такім чынам творыцца і ўток, і аснова таго, што тчэцца, — посцілак, ручнікоў, абрусоў.

Кросны — іхнія хросныя бацькі: яны накрэсліваюць ім іхні — зайздросны альбо незайздросны — лёс.

Сваімі ставамі кросны ўрастаюць у пространь хаты, сваімі панажамі, навоямі, бёрдамі «караскаюцца» ў самы канец часу, у самы канец работы.

Кросны дасведчаныя ў рамястве: ніткі крозаў яны ператвараюць у тканіну карысці, расквечваючы яе, у сваю чаргу, размаітымі ўзорамі красы.

І карыстаецца кроснамі якраз той, хто хаўрусуе з рамяством, хто здольны ўваскрасіць у сабе спаконвечныя — «скразныя» — вобразы і замацаваць іх у плынных палотнах.

Стол

Стол сталы, стол самастойны, стол устойлівы і сярод услонаў, зэдлікаў і крэслаў «таўстоліцца», нібы сярод іншых істотаў слон.

Стол засцілаецца настольніцай; на яго ставіцца соль, ставіцца сто страў: якасцяў; навокал стала збіраюцца госці і гаспадары: колькасці; сам жа стол не якасць і не колькасць, а «столькасць».

Стол сумяшчае ў сабе столку столі і столку падлогі і з'яўляецца ў хаце своеасаблівым тронам-прастолам: усе самыя сур'ёзныя — стольныя — справы вырашаюцца ў яго прысутнасці і ў яго прысутнасці адбываецца самая вясёлая — талаковая — справа: застолле.

Вір

Вір ірацыянальны, як Вій.

Таго, хто ў яго трапляе, вір абкручвае па руках і нагах, як вяроўкай.

Віхура — у паветры, вір — у вадзе, і вядзе ён у падводны палац альбо свіран, дзе жвір усцілае дно і пануе мір.

Вір — вырай: ён уцягвае ў сваю неймаверную свідравіну, у свой бесперастанны віраж усё, што трымаецца паверхні, і толькі пасля праверкі на бездакорлівую пакору вяртае, што ўзяў, назад.

Нібы верацяно, вір круціцца наўкола сябе, на нерухомым месцы, але гэтае месца — прастора іншага вымярэння.

Спражка

Спражка злучае абодва канцы (ці пачаткі) паска-папружкі, перайначваючы двухканцовы (ці двухпачатковы) прамежак у пругкі круг.