Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 18

Алесь Разанаў

Польскі m i e s i ą c — місіянер: усім дням, сумешчаным у месяц, ён нясе сваё веравызнанне.

Чэшскі m ĕ s i c, нібы люстэрка, звяртае ўвагу ўсіх на саміх сябе (мяне на мяне асабіста): мне — s і с !

Літоўскі m é n u o ў мастацтве зменаў дасягнуў дасканаласці, і любое мастацтва, ці, па-літоўску, menas, мае ў ім свайго ментара.

Беларускі м е с я ц перамяшчаецца па нябесным скляпенні, шукаючы на ім сваё ўстойлівае, сваё пастаяннае месца.

Праславянскі m e s ę с ь памятае — але нікому не паведамляе — пра сэнс свайго існавання.

Старажытнаіндыйскі m ā s a s масіўны, ён займае ўсё паднябессе, як маска, затуляючы ўсё сабою: сам — зоркі, сам — сонца, але і самота — таксама сам.

Кудзеля

Кудзеля кудлатая, нібы завея-кудаса.

Яна існуе не сама па сабе, не сама для сябе, а — куды і дзеля: дзеля наступных радзюжак, дзяружак, абрусоў, ручнікоў, перацякаючы з прасніц на верацёны і матавілы, дзелячыся на ручаі прадзіва.

Кудзеля — работа пасля работы, дзень пасля дня, яна не нядзеля і не панядзелак, а «паслядзелак», і на яе збіраюцца, як на пасядзелкі.

Калі дзіда — удзел мужчыны, то кудзеля — жанчыны, і, прадучы кудзелю, жанчына, услухоўваючыся ў гудзенне верацяна, перажывае ўсе згібы, змены, падзеі, «цудзеі» свайго жыцця і прадзе сваю «дзелю» — долю.

Крэйда

Усё, што крэйда крэсліць і піша, лёгка сціраецца, аднак крэйда на гэта не крыўдуе і на гэта не скардзіцца: яна рада, калі ў ёй маюць патрэбу, калі ёю карыстаюцца.

Крэйда творыць рэйд у невядомыя абсягі пазнання, і кожны раз для яе гэта абсяг — tabula rasae.

Крэйда можа памыляцца, можа рабіць «крывыя» высновы, але робіць яна гэта самааддана і самаахвярна, і таму заўсёды мае крэдыт даверу.

Усёю сваёю істотаю крэйда імкнецца ўва-собіцца ў незнішчальнае, у несціральнае слова праўды, і ў гэтым яё крэўнае крэда.

Венік

Ціхмяна ўвесь век венік стаіць у куце, нібы адбывае пакаранне за нейкія віны. Але калі ў хаце трэба навесці парадак, венік выводзяць з кута, выводзяць з ценю, і ён, завіхаючыся, умешваецца ў хаду спораў.

Венік — wenig (па-нямецку — мала), венік — vienas (па літоўску — адзін), аднак, нібы з венаў, ён складаецца з мноства аднолькавасцяў і падабенстваў — з вецця.

Клопат у веніка пыльны, занятак аднастайны, але вынік гэтага клопату плённы.

Венік да месца і ў Вене, і ў Венецыі, яго веянне адчуваецца на кожнай верандзе, у кожным двары.

Паслухмяны вернік, венік верай і праўдай служыціь багіні чысціні. Дзеля гатага ён і прыняў паніжэнне, апынуўся на самым нізкім узроўні «грамадскага» бытавання, хоць па сваёй канстытуцыі ён нязменна адпавядае найвышэйшаму ўзроўню — узроўню вянка.

Варона

Беларуская варона вартуе вароты і, седзячы на іх, паварочваецца разам з імі то на ўсход, то на захад.

Руская ворона проворная: яна ворует усё, што кепска ляжыць, але ўсё, што ні уворует, роняет.

Балгарская врана рана прачынаецца, каб самай першай падаць свой голас і ў Сафіі, і ў Варне.

Праславянская vоrna варухаецца па ворным полі, збіраючы ў свой ворак-капшук знойдзеныя зярняты.

Літоўская varnа варыць кашу, а зварыўшы, варожыць, каму варта даць, каму — не.