Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 21

Алесь Разанаў

Спражка не спрэчка канцоў і пачаткаў, а спрэжка, і мае моц, уладу і гонар трымаць іх у паслушэнстве.

Найпершае ўражанне аб паску атрымліваюць па спражцы: спражка — пагорак, што ўзнік з прагалу, пастаянства, што здабылася з разладу, перамога, што вырасла з паражэння.

Аполак

Пасля таго як бервяно распілоўваецца на дошкі, што пойдуць на падлогу, на столь, на паліцы, паабапал бервяна застаецца па апошняй, па палавіннай дошцы (напалову — дошка, а напалову — не) — па аполку.

З аднаго боку аполак гладкі, з другога - шурпаты, з аднаго - поле, з другога — пагорак, з аднаго — пляц, з другога — капец, і таму, што ён гэтакі двухпастаўны, ён, як апокрыф, і далучаны да кананічнай суполкі, і адлучаны ад яе.

Аполак пераймае ў дрэва яго наросты і ўгібіны, і калі дошкі мераюцца па пэўным стандарце, на пэўны капыл, то да аполка з такім капылом не падыдзеш.

І хай па сваім гатунку, па таўшчыні і па шырыні дошкі, нібы камандзіры ў войску, то палкоўнік, то падпалкоўнік, то капітан, — аполак згаджаецца з доляй звычайнага апалчэнца.

Але ў плоце наступу і абароны ім латаюцца любыя праломы, і ў любым клопатным пераплёце ён аплот перамогі.

Вясло

Нібы перавяслам, вяслом апяразваецца постаць і Ясельды, і Віслы, і Свіслачы.

Бясконцае мноства разоў вясло спрабуе ўсяліцца ў падводную святліцу і гэтулькі ж разоў высяляецца адтуль: яно — пасол чаўна і чуйна слухаецца яго загадаў.

Каб слаўна плылося чаўну, мусіць быць слаўным вясло: не ломкім, нібы салома, а трывалым і абавязковым, як слова.

У пахмурлівы дзень з-пад вясла выпырскваецца слата, у ясны — выблісквае вясёлка.

Сена

Як восень настае на змену лету, гэтак на змену траве настае сена: яно шаноўнае, яно саноўнае, яно «сенатнае», яго зграбаюць, ста гуюць, абчэсваюць, вязуць на возе альбо на санях, запіхваюць на вышкі, бяруць у абя рэмкі і, калі яго хапае да вясны — цешацца, калі яго не стае — сумуюць.

Сена — перасяленец: з адной сядзібы — у другую, з прасторнай — у цесную, з лугавой і лясной — у зацененую сценамі і страхою.

Калі сена сырое, калі яно яшчэ трохі трава — яно псуецца, калі яно сухое — захоўвае смак і водар травы і з прыемнасцю есца скацінаю.

На сене любяць спаць знясіленыя дарогаю госці ды несціся куры.

І асноўны сэнс існавання сена ў тым, каб проста быць, проста мецца, проста існаваць.

Агонь

Агонь штоімгненна гіне і ўзнікае нанова і ў імгненне ахоплівае неспасцігальныя гоні сусвету.

Агонь робіць цвёрдае мяккім і мяккае цвёрдым, з ім радзяцца і каваль, і ганчар.

Агонь — ганец новага часу, новага сягоння, ён гоіць жыццё ад багны і ганьбы. І богаадданец, і ёгаадданец, і паганец натхняюцца ім на геніяльныя дасягненні.

Будзень i свята

Будзень будзіць людзей, нагадваючы ім пра тое, што пачынаецца дзень і што нікуды не дзенешся ад клопатаў і работы; свята чакае, калі чалавек сам абудзіцца, і калі ён абуджаецца, ветліва вітае яго.

Будзень — удзельнік, свята — сведка, будзень — маладзік, свята — ветах, будзень — дзейнік, свята — выказнік, будзень абяцае: усё, што трэба, збудзецца, свята вясткуе: усё, што трэба, збылося.