Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 19

Алесь Разанаў

Польская wrona няўрымслівая, як арол: яна вынырвае каля Вроцлава, каля Кракава, каля Варшавы — дзе ўюцца харугвы, блішчаць шаўроны і дзе зброя вырашае, хто мае быць паранены, хто — страчаны, а хто — уратаваны.

Комін

Комін кемлівы: ён загадзя ведае, як складуцца абставіны і куды павядуць наступствы, і, згодна з гэтым, займае сваё дамінантнае — «каменданцкае» — месца.

Комін — і печ, і нешта акрамя печы; і хоць у той час, калі печы і цёпла, і суха, комін мокне на дажджы і калее на холадзе, ён ніколі не наракае на сваё «акромнае» становішча.

Нібы кумір, комін узвышаецца над кожнаю страхою, над кожнаю хатай, і кожны вараг, перш чым пастукацца ў хату, нібы на нейкі каментар, пазірае на комін.

Комін — камель, які валодае каменнай трываласцю, і акалічнасці пераконваюць яго ў тым, што ўсё міне, а ён застанецца.

Кішэня

Калі чалавеку шанцуе, гэта ў першую чаргу заўважае кішэня, і калі не шанцуе — гэтаксама «адценьваецца» на кішэні.

Кішэня нібы кірмаш: што яна мае, з яе дастаецца, і чаго не мае, у яе кладзецца.

Іншыя — шляхетнейшыя — часткі адзення кпяць і шэмраюць, што кішэня — ненаедная кішка, што кішэня — шэльма, аднак кішэня «адкышвае» гэтыя «кепшыкі».

Кішэня спрактыкаваная, кішэня спакушаная, і ўсе каштоўнасці, ці гэта шэлег, ці дукат, селяцца — шчэмяцца — менавіта ў ёй.

Голад i холад

Голад глытае ўсе наедкі, якія гадаваў год, холад захутваецца ва ўсе халаміды, якія назапашвала хата.

Холад — дрыготка, голад — сутарга, холад — душахват, голад — жываглот, холад тоіцца ў лёхах, голад — у логаве, голад — ляда, холад — лёд.

Голад глядзіць у дол, холад — у неба, голад гавее, холад вее, голад гандлюе, холад катуе, голад — злыдзень, холад — ліхадзей, голад — даўгун, холад — хапун, голад дужаецца, холад ходаецца, холад — волат, голад — асілак, холад адольвае знадворку, голад — знутры.

Холад адхуквае ўспаміны, голад «адгуквае» згадкі, голад — павадыр, холад — хадыр, голад уздыхае, холад хліпае, голад марыць пра «гладкі» лад, які заўсёды частаваў бы аладкамі, холад — пра дыхтоўны дах, голад — пра галаўня, холад — пра галавешку, голад — пра Gold (золата), холад — пра Holz (дровы).

Голад галіцца, холад хоча, холад голы, як гала, голад худы, як іголка, голад намагаецца знайсці ў наваколлі згоду, холад — пагоду, яны ходзяць удвух, і невядома, хто з іх большы, хто з іх галоўнейшы, але, кленучы голад, што ён гад, а холад — што ён кат, нібы пракаветным ідалам, абодвум ім дагаджае і абодвух іх улагоджвае ўсё свае жыццё люд.

Страла

Майстар палёту, страла старанна, бы рала, разворвае аблог прасторы, не пакідаючы за сабой ніякіх адзнак і прыкмецін.

Яна ляціць са старажытнасці ў на- ступнасць, і ў кожным прамежку прасторы са старой ператвараецца ў новую, і ў кожным прамежку прасторы сустракаецца з парадоксам, які сцвярджае, што яна не ляціць, а стаіць нерухома на месцы.

Страла, як час, «струменіцца» ў адзін бок, у адну старану, насустрач той мэце, для якой яна — стрэмка, для якой яна — «страданне», для якой яна — страта, але з якой яе лучыць патаемная роднасць.