Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 22

Алесь Разанаў

Будзень — падзея, свята — з'ява, будзень — агледзіны, свята — сватанне, будзень распачынае, свята вянчае, будзень — жаніх, свята — нявеста, будзень — «нудзень», свята — вяселле.

Будзень — зіма, свята — вясна, будзень — студзень, свята — май, будзень дбае, свята мае, будзень — яда, свята — піта, будзень рупіцца ў пыле і брудзе, свята аздоблена ў саеты

Будзень ідзе, свята стаіць, будзень дзеліць, свята яднае, будзень бачыць гадзіны, свята — вечнасць, будзень судзіць, свята апраўдвае, на будзень дзівяцца людзі, на свята — свет.

Госць

Рускі г о с т ь вядзе з сабой Ost і, калі прыводзіць, кажа, што ён тут не госць, а гаспадар.

Украінскі г і с т ь апавядае прыгоды-гісторыі — то па-блазенску дасціпныя, то па-магістарску грунтоўныя.

Нямецкі G a s t кіруецца напрасткі — праз гаць і пагост.

Польскі gość востры, як восці, але калі ён, запрошаны за стол, есць і п'е — ён ягамосць.

Беларускі госць ідзе дарогай — гасцінцам і нясе з сабой падарунак — гасцінец.

Сцежка

Сцежка выводзіць чалавека з абжытага і звыклага асяродку і вядзе ў незнаёмы свет, і як бы ні мучыла і ні засмучала расстанне, яна суцяшае.

Сцежка сама ведае, як ёй ісці, як ёй весціся, яна хісткая і гнуткая і сцелецца пад ногі, быццам нітка чароўнага клубка.

Сцежка засцерагае ад просталінейных учынкаў: з яе лёгка збіцца і цяжка ўзбіцца зноў.

Ці спёка, ці сцюжа, сцежка разнасцежвае прастору і цягнецца датуль, дакуль здольны дацягвацца чалавечыя памкненні: яна ўсцяж прашывае сабою абсягі жыцця, і тыя сцягі, якія яно ўздымае, заўсёды маюць сваім правобразам сцежку.

Кош

У кош напіхваецца скошаная канюшына, ссыпаецца накапаная бульба, назбірваюцца стрэсеныя антонаўкі і каштэлі.

Кош дзіравы — для вады, для паветра і для пяску, але для ўсяго іншага цэлы і гэтым сваім сумешчаным кшталтам каштоўны.

Кош сухарэбры, кашчавы, таму яго лёгка бяруць за каршэнь і нясуць у поле, у сад, у кашару, а то яшчэ далей — у Кушляны альбо ў Мікашэвічы.

У кашы копшаецца квактуха.

Ля каша ляжыць, нібы кошычак, кошка.

Нара

У кожнай нары свае жыхары: мышы, краты, барсукі, і, у залежнасці ад таго, хто яны, гэтыя жыхары, кожная нара мае свой асаблівы нораў і свой асаблівы гонар.

Нара вынырвае з долу і па непрыкметных сцежках разбягаецца па паверхні, каб потым, узбагаціўшыся наробкамі, нарыхтоўкамі, назіраннем, зноўку нырнуць у дол.

Няма такого асяродку, які б не меў патрэбы ў нары, і нара нараджаецца як унутраны орган гэтага асяродку: яна ўсё хоча бачыць, ведаць і чуць, але не хоча, каб чулі, бачылі, ведалі яе.

Ці на дварэ бушуе бура, ці свеціць сонца, у нары адна і тая ж пара, у нары панура і ціха.

Хто ігнаруе нару, хто не бярэ яе пад увагу, незнарок нарываецца на страту і паразу, але хто разумее, што кожная з'ява, апроч відавочнай паверхні, мае невідавочную глыбіню, атрымлівае ад нары параду.

Вуліца

Вуліца — гуліца: па ёй гуляе вольны святочны люд, на ёй бавяцца дзеці і пасвяцца гусяняты.

Быццам вулеем, вуліцай збіраецца, выяўляецца і ператлумачваецца ўся «духмяная» інфармацыя — чуткі, навіны, звесткі.

Вуліца ліецца адразу ў два канцы, і абапал вуліцы, нібы абапал ракі, заўсёды засноўваюцца паселішчы — вялікія і малыя Вулькі і Улы.