Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 90

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Але жыць у казарме — усё адно што на люднай вуліцы. Тут не схаваешся ад чужых вачэй ні на печ, ні за печ, ні ў сенцы. Здаецца ж, ніхто не бачыць, што ты там разглядваеш, усе паспешліва апранаюцца, абуваюцца, каб не спазніцца на фіззарадку, але гэта толькі здаецца. Ёсць лупатыя. Мішка Цыганкоў, пракляты цыркач, выхапіў у мяне хусцінку з рук і ўрачыста закрычаў:

— Ура пакарыцелю дамскіх сэрцаў!

Я кінуўся коршакам, гатовы выдраць яго бессаромныя вочы, але хусцінку перахапіў Коля Кузняцоў.

— Апошнія навіны,— абвясціў ён на ўвесь узвод,— наш Іван завёў раман! Вось палюбоўны трафей! Глядзіце і зайздросце!

Яны смяюцца над самым маім патаемным, над тым, чаго не павінна ведаць ніводная душа, што я так і берагу і чым так даражу, за што можна ісці і на смяротны бой. Але мае кулакі не дасягаюць мэты, хлопцы ад іх спрытна ўхіляюцца. Ух, што б я ім зрабіў у той момант! Спапяліў бы і попел па ветры развеяў.

Мабыць, выгляд у мяне быў даволі адчайны, таму што Лёва Белкін, вяртаючы мне хустачку без супраціўлення, збянтэжана сказаў:

— На, чорт шалёны. I пажартаваць нельга.

Ды і астатнія жартаўнікі, мабыць, зразумелі, што перасалілі, пачалі са мной загаворваць, быццам нічога і не здарылася такога. Але ўва мне яшчэ кіпіць гнеў, я змрочны, суровы і непрыступны, нібы каменная сцяна. Тады яны пачалі хваліцца адзін перад другім, але каб чуваць было і мне. Яны, бачыце, таксама не лыкам шытыя. Хусцінка — гэта яшчэ што!

Мы бяжым на фіззарадку, з фіззарадкі, засцілаем пасцелі, а Цыганок яшчэ і расказвае, і паказвае, як яны ўчора адбілі ў шпакоў класных дзяўчат, як ім давялося потым змагацца, калі шпакі наляцелі на іх цэлым гуртам, як на яго свіст прыбегла яшчэ некалькі нашых, пасля чаго праціўнік быў пасаромлены і рассеяны. Праўда, і самім пераможцам давялося потым ратавацца ўцёкамі ад патруля так, што дай бог ногі. Але, кажучы па-вайсковаму, усе з'явіліся ў размяшчэнне своечасова і без страт, нават без сінякоў.

Так быццам было з гэтымі двума. А вось некаторых наадварот — прымалі з гарачымі абдымкамі, а праводзілі і зусім ледзь не са слязамі.

Усё гэта можна было б і слухаць, і прыняць за праўду, калі б самахвалы раней добра згаварыліся і так не блыталіся: то яны, бачыце, сустрэлі тых класных дзяўчат у парку, то — на вуліцы; да фіззарадкі размова ішла пра пяцярых шпакоў, а пасля фіззарадкі іх ужо набралася столькі, што і не злічыць. Ды і Лёваву знаёмую, якая то абдымаецца, то пралівае па ім слёзы, завуць то Лідай, то Людай.

— Трапло ты,— не вераць яму хлопцы.

Я таксама не веру, але ў размову не лезу, моўчкі засцілаю пасцель. Добра, што хоць ад мяне адчапіліся.

I раптам усю гэтую пахвальбу, жартачкі, хіханькі і хаханькі спыніў Косця Лямешка — наш Піскля. Ён першым заправіў пасцель і, пакорпаўшыся ў сваёй тумбачцы, разгублена спытаў:

— Хлопцы, а хто ў мяне мыла ўкраў?

Пытанне нечаканае, крыўднае, дзікае. Такога ў нас яшчэ не было, каб красці. Калі гэта жарт, то жарт яшчэ больш няўдалы, чым з маёй хустачкай. Гэта абраза кожнага з нас асобна і ўсяго ўзвода цалкам, самага дружнага і з'яднанага ўзвода ў батарэі. За такі жарт можна атрымаць і па шыі. Коля Кузняцоў так Косціка і папярэдзіў: