Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 88

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Вот эта улица, Вот этот дом, Вот эта барышня...

Дом аказаўся не ах які — драўляная, якая асела ад старасці, хата. Праўда, вялікая — на два ганкі. Калісьці яна, мабыць, была і прыгожая, бо вокны і падстрэшнікі аздоблены разьбой. Але засталіся ад той разьбы адны сляды. Жалезны дах таксама па вільчыку ўвагнуўся.

Вось тут і жывуць нашы студэнтачкі. Толькі як з імі ўбачыцца — свіснуць ці зайсці? Вырашылі зайсці: бог ведае, што будзе з тым свістам, усё ж такі не дома, не ў Падлюбічах. Ды і ў пагонах жа...

Толькі не так гэта проста ўзяць і зайсці. Там жа і гаспадыня ёсць, і невядома, як яна адносіцца да розных там ухажораў, яшчэ пакажа нам, дзе парог. Страх, праўда, невялікі, але ж у нас ёсць і свой гонар.

Зайшлі мы прыстойна, культурна. Далікатна пастукалі ў дзверы — нам ніхто не адказаў, у цёмным калідорчыку пад каструляй толькі злосна сіпеў прымус. Пастукалі ў другія дзверы — выглянула сівая бабуля ў акулярах:

— Вам каго?

— Зямлячак шукаем.

3-за бабульчыных плячэй паказала галаву Каця і войкнула:

— Ой, адну хвіліначку!

Чуем, за дзвярыма падняўся нейкі перапалох: шушукание, бегатня, данеслася яшчэ адно «ой!». Калі мы пераступілі парог, «зямлячкі» сядзелі ўжо на канапе з такім выглядам, быццам сабраліся фатаграфавацца. Праўда, крыху збянтэжаныя і пачырванелыя.

Бачым, што дзяўчат мы ўразілі сваей не проста вайсковай, а амаль што афіцэрскай формай. А як жа — на нас і ў горадзе аглядваліся. Бабуля ў акулярах таксама нас з цікаўнасцю агледзела і знікла ў калідоры, мабыць, пайшла да свайго прымуса.

I вось сядзім мы ўжо з чвэрць гадзіны, а размова не клеіцца.

— Ну, як вы?

— Нічога,

— А вы?

— Нармальна.

Дзяўчаты чамусьці саромеюцца, зрэдку перашэптваюцца і без прычыны хіхікаюць. На стале ляжаць некранутымі нашы цукеркі-падушачкі, хоць Санька і прапаноўваў ужо не раз:

— Частуйцеся.

Узялі ўсяго па адной.

Там, у вёсцы, дык мы з імі былі бойкімі. I размаўляць пра што знаходзілася, і жарты жартавалі. А тут і ў нас языкі нібы не свае. Можа, што ў гасцях? Ды і дзяўчаты нашы ўжо нейкія не такія. Лічы, што дарослыя. Колькі мы іх тут не бачылі, а як папрыгажэлі. У Сонькі плойка гарадская, а Каця, здаецца, свае канапелькі на носе і шчоках прыпудрыла.

Выручыла нас гаспадыня. Яна вярнулася з калідора, апранула фуфайку і сказала:

— Я, дзяўчаткі, пайду займу чаргу за хлебам на заутра, а вы ж тут так не сядзіце. Вазьміце патэфон, пайграйце, патанцуйце. Да вас жа такія кавалеры, прыйшлі, а вы...

Патэфон у гаспадыні стары, спружына слабне — трэба часта падкручваць, іголкі тупыя, пласцінкі ўсяго дзве, ды і то на адной з іх нейкія арыі. Затое на другой — танга, як па заказу. Хоць яно і вельмі шыпіць, але словы разабраць можна.

Утомленное солнце Нежно с морем прощалось, И тогда ты призналась, Что любишь меня.