Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 92

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Дык то ж на базары, то ж у цягніку, дзе вакол чужыя, незнаёмыя людзі, у якіх на лбе не напісана, злодзей перад табой ці сумленны чалавек. А тут жа не базар і не вакзал, а казарма — цяпер роднае наша жытло. I тут не чужыя людзі, а свае хлопцы. Ды і якія хлопцы — не розная ж там шантрапа, а будучыя афіцэры. Вось што ўсіх заядае. Няхай нам і рана яшчэ гаварыць пра афіцэрскі гонар, але свой ганарок у нас ужо ёсць. Крадзеж і шпака не ўпрыгожвае, а пра нас і гаварыць няма чаго.

Ды і ўзвод жа наш не абы-які. Дарма, што шкеты, а ў вучобе дзядзькоў перамаглі. У нас аж трое выдатнікаў: сяржант Міцька Яцук, Коля-масквіч і Мішка Цыганкоў. Іх прозвішчы, напісаныя нашым жа мастаком Расошкам пад золата, красуюцца ў калідоры казармы побач з тумбачкай днявальнага на чырвоным стэндзе ў абрамленні дубовага лісця, перавітага стужкамі. А з дзядзькоў там усяго адзін. Усяго адзін і з другога ўзвода, а ў трэцім узводзе і наогул яшчэ выдатніка няма. Так што мы на першым месцы.

Не так даўно нас пахваліў камбат і за знешні выгляд. Пераймаючы замашкі свайго каштана, многія з нас таксама сталі педантамі не горшымі за яго: і гузікі гараць золатам, і чаравікі суконкамі заўсёды налакіраваны. Дык што ж цяпер будзе з нашай добрай славай пасля прапажы мыла? Цяпер жа на вочы не паказвайся дзядзькам. Само сабой зразумела, што і каштан Захараў, і камбат, падпалкоўшк Асташэўскі, не пакінуць гэтага проста так. Ой, што будзе, што будзе!

Увесь узвод усхваляваны, але больш за ўсіх кіпяцяцца Коля Кузняцоў і, як мне ні дзіўна, растоўскі Сцёпка Рубцоў. Коля і Сцёпка — гэта ж дзень і ноч.

Калі шчыра прызнацца, дык многім з нас хацелася б хоць крыху быць падобным на Колю. Адзін яго знешні выгляд чаго варты. Ён у нас агульнапрызнаны прыгажун: высакародны, хоць і крыху хударлявы твар, тонкі з гарбінкай нос, а не то як у нас з Санькам — кірпатыя піпкі, і вялікія шэрыя вочы з такімі густымі вейкамі, што любая дзяўчына пазайздросціла б. Хлопцы кажуць, што з-за ўсяго гэтага з ім нецікава хадзіць у звальненне: небяспечны сапернік.

Але галоўнае не ў прыгажосці. Коля — інтэлігент ва ўсіх адносінах. За сталом ён есць толькі па этыкеце, у размовах ад яго толькі і чуеш: «калі ласка», «выбачайце», а калі з насмешкай, то — «пардон».