Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 91

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Піскля, асцярожна на паваротах!

А Толік Гецьман, не паверыўшы пачутаму, павучальна, з уласцівым яму ўкраінскім гумарам сказаў:

— А ты, кум, хавай, як я хаваю,— і, заглянуўшы ў тумбачку, недаўменна развёў рукамі.

— Схаваў? — хмыкнуў Піскля.

— Схаваў,— уздыхнуў Толік,— далёка схаваў, аж сам не знайду.

I ўзвод захваляваўся, забурліў. Аказалася, што выдадзенае нам каптэнармусам два дні назад на новы месяц туалетнае мыла «Сунічнае» знікла не толькі ў Пісклі і Гецьмана, прапала яно і ў Колі-масквіча, і ў Генацвале, і ў Лёвы, і ў Расошкі-мастака, і ў майго растоўскага непрыяцеля Сцёпкі Рубцова, і яшчэ ў таго-сяго — чалавек у дзесяці.

Хлопцы забыліся пра ўсё на свеце: і пра маю вышываную хустачку, і пра гераічную перамогу над шпакамі, і пра Лёваву знаёмую, якая пралівае па ім слёзы. Усіх цяпер хвалюе толькі адно пытанне: хто?

У галаве не змяшчаецца, што сярод нас завёўся зладзюга. Гэта ў горадзе, кажуць, іх многа. Аднойчы з Санькам, прадаючы шчаўе на базары, самі бачылі, як абкрадзеная на вачах сельская цётка галасіла ўголас і крычала гвалт. Але ніхто ёй не мог дапамагчы: ні міліцыянер, ні суседкі-гандляркі. Быў тут, кажуць, адзін, круціўся ў капелюшы, а цяпер шукай учарашні дзень.

Запомніўся і яшчэ адзін даволі страшны выпадак. У магазіннай чарзе зноў жа ў вясковай бабы-разявы нейкі кішэннік умудрыўся выцягнуць грошы нават з-за пазухі. А баба, як гаварылі навокал людзі, салдацкая ўдава з плоймай дзяцей. I прадала яна карову-карміцельку, каб пабудаваць хату і вылезці з зямлянкі. Дык вось у той магазіннай чарзе яе і абчысцілі. I людзі ж, напэўна, бачылі, але пабаяліся рот адкрыць. Усім вядома, што бандзюгі — адчайны народ. Яны могуць і нажа даць у бок, а самі змыцца.

Толькі на шчасце той беднай жанчыны, трапіўся ў чарзе смелы чалавек — дэмабілізаваны матрос-франтавік. Як расказвалі ў натоўпе сведкі, схапіў той матрос кішэнніка за рукаў і кажа:

— Аддай цётцы грошы, гад!

Але кішэннік, відаць, быў добры бандзюга: выхапіў лязо брытвы і ў адказ:

— Многа бачыш, марачок!

Цэліўся ён разануць па вачах, ды не на таго трапіў. Ну і біў жа яго матрос — глядзець было жудасна: і пад дых, і па зубах, і ў вуха. Пра гэта мы ўжо не чулі, а самі бачылі. А народ — гарой за марака. Чалавек на фронце жыццём рызыкаваў, дык не хапала яшчэ, каб тут на яго розная погань руку падымала, каб з-за нейкага бандзюгі да маткі не дайшоў.

Словам, у горадзе рот не разяўляй і асабліва глядзі там, дзе цесна ад людзей: многа рукатых развялося. Ды і ў цягніках ёсць такія спецыялісты. Нам з Санькам, праўда, ездзіць на цягніках не даводзілася, але людзі кажуць, што гэта так. Наш памочнік камандзіра ўзвода сяржант Яцук — чалавек бывалы. Дык ён нам расказваў, напрыклад, такое, што аж не верыцца. Ну проста анекдот. Ехаў як быццам у пасажырскім вагоне адзін афіцэр з Германіі. Паклаў ён свой чамадан з падарункамі для сям'і сабе пад галаву, лёг, не распранаючыся і не разуваючыся, на полку і задрамаў. I раптам чуе, што нехта сцягвае ў яго бот з нагі. «Ну-ну,— думае афіцэр,— давай-давай, я зараз табе, паразіт, пакажу, дзе ракі зімуюць. Толькі ты сцягнеш бот, я цябе і схаплю, сокал ты мой ясны». I яшчэ болей прытварыўся, што сніць. Жулік, не сцягнуўшы адзін бот, узяўся за другі. Тут ужо і зусім цікава стала, што ж той задумаў? «Давай-давай,— усміхаецца сам сабе афіцэр,— зараз ты ў мяне заспяваеш». А злодзей у той момант — цап чамадан з-пад галавы і ходу. Падхапіўся маёр ці капітан— хто ён там быў,— а бегчы не можа, каб дагнаць. Пакуль нацягваў боты, таго і след прастыў. Цю-цю, як кажуць, чамадан з падарункамі, быў і сплыў. Вось якія спецыялісты бываюць.