Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 89

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Мы з Санькам падняліся з табурэтак і паказалі сваю свецкасць: паляскалі абцасамі, паківалі галовамі, як вучыла нас Ала-Этыкетка,— прашу, мадэмуазель! Каця з Сонькай пераглянуліся і пырснулі смехам.

Утомленное солнце...

Я з Кацяй танцую танга. I як танцую — па навуцы! Гэта не тое таптанне на мурагу каля двара дзядзькі Скока.

Нежно с морем прощалось...

Каця стараецца, але ўсё адно часта не можа трапіць мне ў лад, бо я выкідваю розныя нечаканыя, мудрагелістыя каленцы, так званыя «па». Для маіх «па» трэба спартыўны зал, а тут пакойчык цесны, і мы то налятаем на табурэткі, то ўпіраемся ў шафу, то штурханулі стол, на якім стаіць патэфон. Ад штуршка ў ім штосьці заела, і ён зашыпеў адно і тое ж:

И тогда ты призналась... И тогда ты призналась... И тогда ты призналась...

Калі б жа прызналася, а то не прызнаецца. Ды і я не прызнаюся. Гэта ў кіно легка: ах, я цябе кахаю, дарагая! А мне тады і глядзець на тое кіно сорамна. А ім нічога — цалуюцца. Рэдка каторая дасць па вуху.

А патэфон знае сваё — шыпіць:

Что любишь меня...

У Санькі нешта палюбоўныя справы не ладзяцца. Нягледзячы на свецкае запрашэнне, Соня танцаваць не пайшла. Яна зашылася ў самы куток каналы за стол і чамусьці пачырванела. Мой сябра спачатку збянтэжыўся, а затым надзьмуўся і холадна сказаў:

— Ну, як хочаш...

Я і сам здзіўляюся, што гэта з дзеўкай стала? Была такая ахвотніца патанцаваць, а цяпер чамусьці ў яе ахвоту адбіла. Можа, ей такое шыкоўнае танга не падабаецца? А можа, і горш — сам Санька?

Калі пласцінку паставілі нанова, ён зноў яе запрасіў ужо без усякага этыкету, па-свойску:

— Ну, хадзем.

Усё роўна не пайшла. Толькі на гэты раз ледзь не заплакала, аж слёзы на вачах. Танцы разладзіліся. Паслухалі арыю з другой пласцінкі. Нічога цікавага — нехта басам аж стогне, што «людзі гінуць за метал». А мы і без металу можам загінуць, калі спознімся ў вучылішча са звальнення, таму і пачалі развітвацца.

Я з Кацяй выйшаў на ганак, каб сказаць ёй штосячкі без сведкаў, а Санька, мабыць, з той жа мэтай застаўся ў кватэры. Зразумела, будзе высвятляць, што гэта за конікі такія яго сяброўка выкідвае. У мяне ж на думцы выпрасіць у Каці яе фотакартку, але таксама карціць спытаць, якая сёння Кучараўку муха ўкусіла.

— Усё вам трэба знаць,— з неахвотай сказала Каця.— Саромеецца Соня: сядзіць босая, няма чаго абуць.

— Як?

— А так. Сёння ў туфлі падэшва адвалілася, а другіх няма. Пакуль знашу іх да шаўца, будзе сядзець дома і ў тэхнікум не пойдзе.

Фотакартку мне Каця толькі паабяцала, але замест яе падала нешта іншае ў рукі.

— Не глядзі.

Засаромелася і пабегла за дзверы. Я разгарнуў — насоўка. Вышываная. А гэта што-небудзь, хлопцы, ды значыць, калі дзяўчына дорыць хусцінку са сваімі ініцыяламі.

«ЧэПэ»

Раніцай пасля звальнення ў мяне быў прыўзняты настрой. Я жыў яшчэ ўчарашняй пабыўкай, у вушах яшчэ гучала танга пра стомленае сонца, якое ўчора танцаваў з Кацяй, і мне захацелася пры электрычным святле разгледзець падораную ею хусцінку. Цікава, што яна там навышывала?