Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 87

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Не прамінуў бацька, каб не напомніць, як трэба служыць — старацца. Вось ён стараўся, дык, нягледзячы на малапісьменнасць, і сяржантам стаў.

3 бацькавых размоў вывады зрабіла бабка.

— Вось так, нячысцік,— сказала яна Глыжку, прыбіраючы са стала,— вучыся як след, калі хочаш быць камандзёрам, а не — сядзі на нішчымніцы.

Глыжка — хлопец ужо ладны, перайшоў у чацвёрты клас, даўно ўжо не картавіць, хоць і носіць сваю дзіцячую мянушку.

— Не камандзёрам, а камандзірам,— паправіў ён старую і вылез з-за стала.

Калі прыйшоў Санька, бацька зрабіў агляд і яму. А потым папрасіў нас стаць побач і весела сказаў:

— Ты паглядзі, старая, якія арлы. Прапалі дзеўкі, пасохнуць на сухары.

Бабуля, гледзячы на нас, крыху паплакала, успомніла маю маці — вось каб тая пабачыла. Затым яна супакоілася, высмаркалася ў фартух і супакоіла бацьку наконт дзевак.

— Ты за дзевак,— кажа,— вельмі не перажывай. Яны цяпер такія, што і самі захамутаюць гэтых цялят.

Мы з Санькам, крыху пачырванеўшы, хмыкнулі. Многа яна ведае, старая, якія цяпер дзяўчаты і якія цяпер мы. А яна зноў:

— Не хмыкайце — знойдуцца, калі ўжо не зацуглялі.

Пільнае вока ў бабулі: нам сапраўды карціць ісці з хаты, Санька ўжо даўно мне падміргвае, але пасля такіх бабульчыных слоў адразу не пойдзеш, трэба ж хоць для прыстойнасці пасядзець і пагаварыць, каб падазрэнні ў старой не ўмацаваліся. А яно ж не сядзіцца, мы нібы на іголках. У нас часу мала, а яшчэ ж трэба купіць падушачак з павідлам, яшчэ трэба знайсці, дзе жывуць нашы дзяўчаты, бо мы толькі адрас ведаем, а самі ж там ніколі не былі. Было б, зразумела, лепей, калі б мы іх заспелі ў вёсцы. Але Санька ўжо разведаў, што яны тут толькі пераначавалі, а раніцай, нагрузіўшыся бульбай, пайшлі ў свой тэхнікум.

У рэшце рэшт мы ўсё, здаецца, дома расказалі пра сваё вучылішча, усім, чым было, пахваліліся і пачалі збірацца ў дарогу. А бабуля не хоча мяне пускаць.

— Хоць бы пераначаваў,— просіць яна.

Але тут яе ўжо астудзіў бацька. Ён разумее, што служба — не дружба, што з гэтым у арміі строга. Гэта калі ў калгасе не выйдзеш на працу — прагул, а ў войску — дэзерцірства. За гэта — трыбунал.

Перад трыбуналам бабка адступіла, і мы пабеглі б з хаты адразу, але згубіўся мой картуз. Ляжаў на куце і прапаў.

— Гэта ўжо той ідал схапіў,— здагадалася бабка і выйшла разам з усімі на вуліцу, каб пашукаць Глыжку. На шчасце, «ідал» далека не збег. Ён красаваўся ў картузе перад сваімі таварышамі каля двара.

У горад мы прыйшлі хутка. Ляцелі на ўсіх ветразях: разлічвалі дагнаць Кацю і Соньку ў дарозе, думалі, што з бульбай яны не вельмі разгоняцца, калі цяжкія ношкі, дык будуць адпачываць, але не дагналі. Давялося самім, як сказаў бы падпалкоўнік Асташэўскі, хадзіць і чытаць шыльды, шукаць вуліцу, шукаць дом, дзе яны жывуць. Але ж аказалася, што знайсці не так проста: шыльды шыльдамі, ды вуліцы ж цяпер вядома якія: дом стаіць, двух няма — то пажарышча, якое зарасло бадыллём, а то паўразбураныя сцены, калі дом быў цагляны. Але недзе і там, пад кучамі камення, мабыць, у падвалах жывуць людзі, бо ёсць на руінах і нумар дома. Але язык, як кажуць, і да Кіева давядзе. У адной маладзіцы спыталі, у дзеда, у дзядзькі, у дзяўчыны — і знайшлі-такі. Санька спыніўся і праспяваў: