Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 86

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Супакоіўся бацька толькі тады, калі я сказаў, што наш старшына глядзіць туды, куды і ён. Мне далі чаравікі сапраўды навырост. А гэтыя я ўзяў у таварыша схадзіць у звальненне.

Мае падарункі ўсім прыйшліся па душы. Бабка панюхала мыла разоў пяць. Ах, як пахне, ды малое. Калі б ей вялікі брус звычайнага, не з духамі, дык яшчэ лепш было б. Бацька, праўда, ад сваіх чаравікаў не ахаў, але дзякуй сказаў і пахваліў майстра, які добра падбіў падэшвы і падкоўкі, а таксама і старшыну Хамутова — разумны чалавек. А Глыжка і зусім на сёмым небе. Такое багацце хлопцу прываліла: эмблемы, пёры, аловак і яшчэ цукар. Праўда, бабка палавіну цукру тут жа адабрала.

— Адразу з'ясі, дык язык праглынеш разам з салодкім,— сказала яна.

Глыжка не пярэчыў, а толькі вачыма прасачыў, куды старая яго схавала. Я ўпэўнены, што друга ён там не праляжыць.

Селі абедаць. Як я любіў раней густы ячменны крупнік! Ды яшчэ з алеем. Адзін мог паўчыгунка з'есці. А тут паспытаў — развучылася, ці што, яго бабка варыць? Цыбуля смажаная плавае. А я яе не люблю, адганяю лыжкай у бакі. Вось і бульбіна трапілася з «козлікам» — таксама яе ўбок.

Бацька глядзіць на ўсё гэта і хмыкае ў вусы. Заўважыла і бабуля, што я ем пераборліва, і — плісь мне лішнюю лыжку алею, каб прыбавіць смаку. I раптам няўпэўнена неяк спытала ў бацькі:

— Яешню зрабіць, ці што?

Ну, калі бабка адважылася на яешню, значыць, я сапраўды — незвычайны госць. Простым гасцям яе не падаюць. Я ж ведаю, што такое яйкі. Не паспеюць куры знесціся, як іх адразу — на базар, каб разжыцца якую капейчыну. У калгасе ж грошай не плоцяць, а на ўсё трэба: і на штаны, і на газу, і на соль. Ды і кожная курыца яшчэ абкладзена падаткам. Ей трэба нанесці яек не толькі на базар, а яшчэ і дзяржаве, інакш прыйдуць з сельсавета і будуць гразiцца на нядоімку яе апісаць, каб забраць самую. Вось, мабыць, бацька і невясёлы ад такога жыцця. Але тут ён бабку падтрымаў:

— Давай! Калі ўжо такое свята, рэж апошні агурок!

— А, не трэба,— запярэчыў я, бо стала сорамна, што яны дзеля мяне ідуць на такое — яешню будуць рабіць.

— Чаго там — не трэба? — разышоўся бацька.— Што мы, горш за тых, каму носім на базар? З'ядзім — не падавімся!

Больш за ўсіх яешні быў рады Глыжка. Ён еў яе не спяшаючыся, адкусваў па чуць-чуць, каб на даўжэй хапіла. За ядой зайшла размова, як там кормяць, у вучылішчы. Ну, я і пахваліўся, што паёк добры, нават масла даюць аж па дваццаць пяць грамаў у суткі.

— Тады, канешне,— згадзіўся бацька,— што той алей супраць масла? У арміі не прападзеш.

I пачаў ён успамінаць, што калі і ён быў да вайны чырвонаармейцам, дык тады таксама добрыя пайкі давалі. А хто з поварам сябраваў, той наогул жыў прыпяваючы. Бацька раіць і мне пасябраваць з поварам. Аж слухаць смешна. Ну, што ён разумее, калі быў тады ўсяго толькі салдатам? Але ж бацьку гэтага не скажаш. Няхай стары хваліцца, як яму зямляк-повар наліваў у кацялок першы апалонік з самага верху катла, дзе адзін тлушч, а другі — з дна, дзе толькі гушча. Вось гэта было сытна. У вайну, праўда, як даводзілася: часам — з квасам, парой і з вадой, а то і без вады.