Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 85

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Дзе мы толькі далі сабе пярэдых, дык гэта каля пустой вітрыны магазіна, які трапіўся нам па дарозе. Тут яно, як на ліха, у Санькі шнурок развязаўся, а ў мяне з лямкамі рэчавага мяшка зрабіўся непарадак. Вось з-за гэтага і спыніліся, а то яшчэ некаторыя падумаюць, каб паглядзецца ў шкло. Мы толькі па адным ці па два разы глянулі ў яго і пайшлі сваей дарогай.

Дома мяне не чакалі. Я ж не пісаў, што прыйду, бо і сам гэтага да апошняга не ведаў. Адчыніў я ціхенька дзверы — бабка ў адзіноце каля акна Глыжкаву кашулю латае. Не азірнуўшыся яна працягнула апранаху ў мой бок і сказала:

— На, насі, шамадзёрга. Можа, да вечара і хопіць.

Толькі калі я засмяяўся, старая азірнулася і адкрыла ад здзіўлення бяззубы рот. Клубок нітак пакаціўся з прыпола на падлогу, а бабка пляснула ў далоні.

— А божачка ж ты мой! Хто ж гэта да нас прыйшоў. Я ж думала, што памру і не ўбачу.

А потым падхапілася і закрычала некуды ў сенцы:

— Грышка! Грышка! Дзе цябе чэрці носяць? Бяжы бацьку пашукай!

Глыжка не адгукнуўся, і старая паскардзілася:

— Хоць на ланцуг саджай. Са школы — і за парог. А сёння нядзеля, дык, мабыць, на край свету збег.

Гэта для мяне — не навіна, мяне ўразіла іншае, як бабка кінулася да ўслона, на які я намерыўся сесці. Яна жвава абагнала мяне і выцерла ўслон фартухом, быццам перад вялікім госцем.

— А то ў нас знаеш, як тут,— быццам апраўдваючыся, сказала яна пры гэтым,— не паспяваеш прыбіраць. А ў цябе ж усё такое новае ды дарагое.

Мне стала няёмка, што бабка перада мной так забягае, і я ўзяўся за пустое вядро, каб схадзіць па ваду і тым паказаць, што я не такі ўжо і пан. А старая зноў:

— Ой, дзіцятка, кінь! Там лужына ля калодзежа, яшчэ ўтопчашся ў гразь сваёй абуўкай. Прыбяжыць той басурман, сам прынясе.

Басурман вядома хто — Глыжка. Калі я прыйшоў з вадой, ён ужо быў дома і абмацваў мой рэчывы мяшок. А неўзабаве прыйшоў і бацька, стомлены і даўно няголены.

Прыйшоўшы з вайны, ён рэдка бывае вясёлы, а больш якісь суровы, заклапочаны, заўсёды ў вачах яго нейкая цяжкая дума, многа курыць і ўздыхае. А тут, бачу, абрадаваўся, усміхнуўся. Здароўкаючыся са мной, нават пажартаваў — раней, як падаць мне, ён абцёр сваю руку аб штаны, а затым ужо і працягнуў:

— Ну, давай тваю афіцэрскую.

Бабуля кінулася падаваць абед, замітусілася каля печы, а бацька пакуль што разглядвае мяне. Сеўшы на лаву, ён папрасіў, каб я павярнуўся перад ім туды-сюды. Абмундзіраванне яму таксама спадабалася, але, не ў прыклад бабулі, ён знайшоў да чаго і прычапіцца. Дзе былі мае вочы, калі я браў сабе чаравікі? Не мог узяць на нумар большыя? Наперадзе зіма, а нага яшчэ расце — не ўлезе ануча. Вось тады я паўсміхаюся, калі ногі абмарожу, тады пафаршу. Але лепш за ўсё для салдата боты, ды яшчэ калі ёсць суконная ануча — і валёнкі не трэба. Калі ён служыў, дык заўсёды браў боты на нумар большыя і гора не знаў: і зімой цёпла, і летам мазалёў не насіў. Салдат з мазалём — гэта паўсалдата, асабліва ў паходзе. I куцы глядзіць наш старшына?