Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 84

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Але Лобан аказаўся не такім лапухом, як нам думалася. Ён стаў на праверку ў звычайным абмундзіраванні і, толькі атрымаўшы запіску аб звальненні, пайшоў пераапранацца ў моднае, пазычанае ў кагосьці з батарэі другакурснікаў. Там у яго знайшліся прыяцелі. Нічога — не пагарэў тут, дык у горадзе, дасць бог, схопяць патрулі.

I вось мы з Санькам, агледжаныя камбатам з галавы да ног і бласлаўлёныя ім на добрыя паводзіны ў людзях, ужо за варотамі КПП. Наперадзе амаль паўсутак волі — ідзі куды хочаш, бяжы на ўсе чатыры бакі. I планы ў нас проста-такі напалеонаўскія — ісці і ўсіх пакараць сваім выглядам і падарункамі. Мы сёння людзі багатыя. У мяне за плячыма рэчавы салдацкі мяшок, а ў ім для бабулі два брусочкі духавітага мыла, якія былі выдадзены мне для ўмывання. Я іх збярог, сам карыстаючыся змылкамі, што заставаліся пасля лазні. Няхай старая хоць у канцы свайго жыцця памыецца туалетным мылам, няхай панюхае, як яно пахне. Яна век такога не нюхала.

Бацька таксама будзе рады, бо я нясу назад яго салдацкія чаравікі, у якіх ён выпраўляў мяне ў вучылішча. Толькі ён цяпер іх не пазнае. Я наваксіў іх казённай дармавой ваксай так, што аж блішчаць. А галоўнае — старшына Хамутоў знасіў іх у нашу майстэрню, і там іх так падбілі, што зносу не будзе. Нават жалезныя падкоўкі ёсць на абцасах і насках. Тут, канешне, дзякуй старшыне. Я яго не прасіў рамантаваць, бо нават не ведаў, што гэта можна. Гэта ён сам, паглядзеўшы на іх, сказаў:

— Што ж ты панясеш бацьку такія развалюхі.

Цяпер чаравікі быццам новыя. Чым не падарунак?

Ёсць і Глыжку як абрадаваць: пара артылерыйскіх эмблем, два пяры для ручкі, аловак і дзесяткі з два драбкоў цукру. Эмблемы і пёры, канешне,— драбяза, яны ёсць у нас у запасе, а вось з цукрам атрымалася няёмка. Ужо ведаючы, што пайду ў звальненне, я ўчора за вячэрай і сёння на снеданні піў чай нішчымны. Гэта заўважыў Генацвале і прычапіўся, чаму гэта я постую. Каб ён чаго не падумаў, давялося прызнацца, што брата хачу пачаставаць. Тады Надар бліснуў вачыма.

— Ты мне друг?

I свой цукар аддаў. Санька, Лёва і Гецьман таксама адмовіліся піць чай з цукрам. Няёмка атрымалася. Але цяпер хлопец хоць у роце пасалодзіць. А я, калі дома разжывуся яблыкамі, дык аддзячу.

Санька таксама нясе свае мыла матцы. Словам, мы ідзём дамоў не з пустымі рукамі. I не з пустымі кішэнямі. Нам выдалі аклады за месяц па салдацкай норме. Так што хлопцы і пры грашах. I, па нашаму разумению, не малых. Гэтак мы прыкінулі, што, можа, хопіць сфатаграфавацца і перад сваімі ўхажоркамі шыкануць — купіць ім грамаў па сто цукерак-падушачак з павідлам усярэдзіне, а то і па дзвесце. Душы ў нас шырокія. Вядома, нядрэнна было б звадзіць іх і ў гарадское кіно, але гэта ўжо як хопіць сродкаў.

Горад мы мінулі хутка, як цяпер можам сказаць, фарсіраваным маршам, і нідзе, на шчасце, не сустрэлі патруля. Трапіўся на вочы толькі адзін лейтэнант. Хоць і пехацінец, але прывіталі, і ён нам у адказ казырнуў. У звальненні і з пяхотай трэба лічыцца. Прычэпіцца, і што ты яму зробіш, калі ён афіцэр, а мы яшчэ нават і не курсанты? Будзеш стаяць і слухаць мараль.