Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 83

Iван Kiрэевiч Сяркоў

А падпалкоўніку Асташэўскаму такі «шык» не падабаецца. Ён строга папярэдзіў, што калі ўбачыць у батарэі такога модніка, будзе той моднік хадзіць у старым, зношаным картузе, але па форме. А пра звальненне няхай і не думае. Ён не дазволіць парушаць форму адзення. Калі яна каму не падабаецца, няхай ідзе прэч з вучылішча і чытае ў горадзе шыльды па складах. Вось чаму мы з Санькам казыркі яшчэ не ўрэзалі, але ў батарэі ўжо знайшліся такія.

Гімнасцёркі ў нас таксама не па модзе. Іх варта было б і ўкараціць, каб не былі такія доўгія, нібы падол у спадніцы. Але тут справа паправімая, трэба толькі ўмець падпяразвацца, а то можна ніз падгарнуць і падшыць, не адразаючы.

Горш справа са штанамі: дудачкі! Ну хто, скажыце, носіць такія штаны, калі ў модзе клёш? Вось матросам — тым пазайздросціш. А тут толку з таго, што сукно сіняе і чырвоныя афіцэрскія канты. Відаць, той, хто іх кроіў і шыў, ні чорта ў сапраўдных штанах не разбіраецца.

Але і гэтае гора — не бяда. Мы ўжо ад старшакурснікаў даведаліся, як можна з дудачак зрабіць клёш. Па-першае, можна разжыцца такой жа матэрыі, з якой пашыты штаны, і ўшыць у дудачкі кліны. Будзе клёш не горшы за матроскі. Дзе разжыцца? А для гэтага трэба дружыць з каптэнармусамі. У іхніх капцёрках чаго толькі не знойдзеш. Трапляюцца там і старыя, зношаныя штаны. Вось з іх можна і выкраіць кліны. Ёсць і такі спосаб, што і ўшываць нічога не трэба. Можна выразаць кліны з фанеры, якой хочаш шырыні. Зразумела, іх у штаны не ўшыеш, тут іншае. Штаны трэба намачыць, а затым пад гарачым прасам нацягваць іх на фанеру. А сукно трывае, расцягваецца, толькі не трэба ўжо цераз сілу, а то дудачкі трэснуць па швах, а то і распаўзуцца па жывому.

Вось калі ты гэта зробіш ды яшчэ ноч пераспіш на тых клінах разам са штанамі, паклаўшы іх пад падушку, дык раніцай будзе ў цябе клёш на заглядзенне. Такі клёш мае перавагу нават перад расшытым. У расшытых, быў выпадак, хлопцы аднойчы прыйшлі са звальнення пасаромленыя. Iм патруль лязом парэзаў устаўныя кліны. Ды і ў вучылішчы начальства трэба аббягаць — загадае распароць. А клёш цэльнарасцягнуты ўсіх ставіць у тупік: і патруля і начальства. Паглядзяць, што нічога не ўшыта, і плячыма паціскаюць. А пройдзе дзень-другі, і ўсё становіцца на месца: сукно садзіцца. Вось у гэтым недахоп такога клёшу. Перад наступным звальненнем зноў трэба яго нацягваць на фанеру. А штаны ж, вядома, не жалезныя — часта рвуцца пры гэтым, халера.

Усе гэтыя прамудрасці нам знаёмыя, але мы з Санькам перад першым звальненнем баімся іх прымяніць. Можа быць, што падпалкоўнік сам праверыць кожнага, раней чым выпусціць за парог казармы. Тады не захочаш той і моды.

Так яно і здарылася. Падпалкоўнік усіх, хто ідзе ў звальненне, правярае сам. Ну, думаю, дзядзька Лобан пагарыць, выляціць са строю шпунтам. I тады мы яму весела праспяваем «напрасно старушка ждёт сына домой». Пад «старушкой» маючы на ўвазе Алу Аркадзьеўну, вядома.