Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 82

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Але, на маю вялікую радасць, ніхто мяне са спісаў не выкрасліў, нават падпалкоўнік Асташэўскі. Які добры чалавек. Зла не помніць. А то плявузгаюць пра яго рознае: і прыдзірлівы, і занудлівы, і Маятнік, і Грызь. Калі крыху і пагрызе, дык ад іх адпадзе. Ну і народ.

Хто не служыў у арміі, той і не хадзіў у звальненне, а значыць, і не ведае, якая гэта радасць. Асабліва калі ты ідзеш першы раз, калі цябе яшчэ не бачылі дома ў вайсковай форме. Белыя падкаўнерыкі падшываюцца так, як ніхто іх не падшывае і перад генеральскім страявым аглядам,— ні маршчынкі, ні складачкі. Гузікі, эмблемы і спражкі даўно гараць золатам, а іх усё чысцяць і чысцяць зубным парашком, а яшчэ лепш — асідолам — спецыяльна для гэтага прыдуманай маззю. Каля стала з электрычным прасам чарга, да люстра не прабіцца — народ збіраецца ў звальненне. Вакол вясёлы смех і гамана: ты куды? а ты куды? а давай пойдзем туды. Ва ўзводах ідзе часовы абмен з тымі, каго пакрыўдзіў лес, каго выкраслілі са спіса. Выбіраюцца чаравікі па назе, гімнасцёркі не такія шырокія ў плячах, картузы, якія не лезуць на вушы. Святая справа — аддаць усё лепшае і прыгажэйшае таварышу. А не аддасі, дык і сам потым не прасі. Такі закон.

Каму мы толькі нічога не далі б і не памянялі, дык гэта той дубіне Лобану з першага ўзвода. Гэта — каб ён не фарсіў перад Алай-Этыкеткай, да якой, мабыць, і збіраецца. I куды чалавека нясе, калі гэта сапраўды так? Яна ж, пігаліца, хоць і маладая, але ж яму не пара — гадоў усё-такі на пяць старэйшая за яго, калі не на больш. Магчыма, што ён пыл нам пускае ў вочы: ведайце, маўляў, нашых, драбяза. Канешне, у нас пад носам яшчэ не хадзіла лязо брытвы, а ў Лобана ўжо ходзіць, бо там расце нейкі рудзенькі машок, які ён называе шчаціннем.

Але пыл ці не пыл, усё адно нічога не дадзім. Няхай і не просіць.

Аднак Лобан у шкетаў нічога і не папрасіў. Ён і без нас прыбраўся не толькі па форме, але і па модзе.

Эх, мода-мода, і чорт цябе выдумаў на нашу галаву! Нават сюды, у армію, яна лезе. Тут жа ўсё распісана і размалявана: што, як і калі насіць. Тут жа форма адзення зацверджана самым галоўным з маршалаў. Вышэй гэтага, мабыць, не скочыш. Але мода мацней і за маршала. Яна можа форму перайначыць.

Нам выдалі афіцэрскія картузы, пра якія мы з Санькам столькі марылі. Здаецца, куды ўжо лепш? Але такія картузы сярод выхаванцаў вучылішча не ў модзе. У іх, бачыце, казыркі вялікія, а верх малы. Амаль усе старшакурснікі ходзяць у картузах, у якіх казырочак усяго на тры пальцы, ён ледзь прыкрывае лоб, затое верх вялікі, нібы рэшата, і так туга нацягнуты, быццам барабан. Вось гэта шык!