Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 81

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Але пішуць нам з Санькам з Падлюбіч не густа. I асабліва — мне. Бабка не ўмее, бацьку, відаць, няма калі, каб часта пісаць, а з Глыжкі вядомы пісар: накрэмзаў аднойчы аршыннымі літарамі, дык і то пра тое, што нейкі Коля хацеў у яго адабраць гільзу ад ракеты і яны з-за гэтага пабіліся. Маўляў, у крыўду ён сябе не дае і я магу тут быць спакойным. А ў каго якое здароўе, дык і не ўпамянуў.

Праўда, з Кацяй перапіска ў мяне завязалася частая. Такая частая, што не хапае і пра што пісаць. А тут яшчэ падпалкоўнік строга папярэдзіў, каб мы ў пісьмах не выдалі ваенную тайну і асабліва каб яго прозвішча — Асташэўскі — не выдалі, бо шпіёны ж не спяць. Пра парадкі ў вучылішчы — таксама нельга. Вось я і пішу толькі пра тое, што шпіёнам без карысці: што мы тут вучым, якую кніжку новую прачытаў, якое кіно нам паказвалі, як нас кормяць. Па-мойму, у гэтым асаблівай тайны няма. Хіба вось пра харчы. Але няхай ведаюць, што мы тут не галодныя. Як аднойчы сказаў наш капітан Захараў, чым лепшы ў нас апетыт, тым страшней будзе забеспячэнцам і імперыялізму.

А яшчэ, каб Каці было цікавей, я тое-сёе і выдумляю. Маўляў, мы ўжо страляем тут з розных гармат і мяне ледзь не параніла снарадам. Няхай крыху дзеўка паперажывае, пахвалюецца — ласкавейшая будзе. Вось Санька, той стрыкуліць сваёй Кучараўцы вершамі, аж гай гудзе. А мне застаецца толькі зайздросціць. Калі я бяруся за вершы, дык у мяне то слова лішняе, то яго не хапае. Вуглавата неяк атрымліваецца. А вось душой адчуваю — ёсць у мяне штосьці такое да Каці ў сэрцы, што просіцца ў верш. Проста так гэтага не скажаш.

Каця таксама мне нічога такога пра пачуцці не піша. Жыву з Сонькай на кватэры... Гаспадыня добрая... Па нядзелях ходзім дамоў па бульбу... Баіцца, каб не атрымаць двойку — стыпендыі не дадуць... Дома куры падохлі — ці не атруціў сусед... I рознае такое. Але мне ўсё адно цікава. Асабліва па душы тое, што ў іх тэхнікуме сумна — рэдка бываюць танцы. I вельмі добра! Няхай іх зусім там не будзе. А то яшчэ пазнаёміцца з якім гарадскім. Гарадскія, яны жвавыя.

У канцы кожнага пісьма яна прыпісвае: «Чакаю прывета, як салавей лета». Вось гэты «салавей» і бярэ больш за ўсё за сэрца. А то яшчэ і кветачку намалюе. У адказ на кветкі я пачаў маляваць артылерыйскія эмблемы — гарматныя ствалы крыж-накрыж. Трэба, каб адчувалася мужнасць. Піша не абы-хто — артылерыст. Няхай цэніць.

I вось надышоў ён, той радасны і хвалюючы дзень, калі па батарэі разнеслася чутка: заўтра у нас будзе звальненне! Сам капiтан сказаў, каб яго памочнік, сяржант Міцька Яцук, падрыхтавау яму спіс жадаючых. Захваляваўся ўзвод і ўся батарэя. Як? Што? Каго будуць пускаць, няўжо ўсіх жадаючых? Не, не ўсіх, а толькі хто заслужыў — добра вучыцца і дысцыпліну не парушае.

Тады мне капцы. Правільна выкалана ў таго растоўскага «прынца» на руцэ — «няма ў жыцці шчасця». Аднак хоць і са слабай надзеяй, але запісаўся і я. Рускую мову я ўжо выправіў, на першым жа дыктанце атрымаў чацвёрку. Так што тут падпалкоўніку няма да чаго прычапіцца. Але ж ён можа ўспомніць мае спазненне на фіззарадку, і тую вясёлую забаву «па качану». Тады Санька пойдзе адзін — ён заслужаны. Трэба будзе папрасіць, каб ён хоць дома там не расказваў пра мае конікі і перад дзеўкамі не распускаў язык. Няхай скажа, што я на дзяжурстве. А лепш за ўсё — у каравуле. Прауда, каравульнай службы мы не нясём — усё, што трэба вартаваць, вартуюць салдаты,— але адкуль яны там ведаюць. Затое гучыць важка. Асабліва ацэніць бацька, сам былы ваяка. Ён ведае, што такое каравул.