Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 76

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Ну і жук той сяржант, ну і хітруга. На чым ён нас падкузьміў, на такой простай рэчы.

Ва ўзводзе дзядзькоў яшчэ не было заняткаў у артылерыйскім парку, і наш Пiкля ўвечары разыграў дзядзьку Лобана.

— От скажы,— прыстаў ён да таго,— якая вось у канале ствала? Ага, і не знаеш.

— Адчапіся,— адмахваецца Лобан ад шкета,— жалезная.

— Сам ты дубовы! — трыумфальна смяецца Пiскля і спрытна ўвільвае ад пстрычкі па «качану».

Так мы і жывём сабе. Санька камандуе аддзяленнем, я — «развадзяшчы» за сталом, з пераменным поспехам ідзе вайна паміж намі і дзядзькамі. Першае знаёмства з гарматай дадало ўсім артылерыйскага гонару. Цяпер мы яшчэ з большай пагардай глядзім на цывільных настаўнікаў. Словам, усё ўсталявалася, усё ідзе сваім парадкам, і нічога новага мы ўжо ў сваім жыцці не прадбачым. А яно вазьмі і аб'явіся.

Я і слова такога не чуў — этыкет. У адзін звычайны дзень мы вычыталі яго ў раскладзе ўрокаў. Што гэта яшчэ нам за навука? 3 чым яе ядуць? Яна цывільная ці вайсковая? Гэта было для ўсіх поўнай нечанасцю, таму што і падручнікаў нам такіх не далі, і ў класным журнале для яе не адведзена спецыяльнаи старонкі.

Першым, хто нам растлумачыў яе сутнасць, быў Коля Кузняцоў — самы гарадскі з усіх гарадскіх чалавек. Што не кажы, масквіч.

— Эх вы — лапці! — пагардліва сказаў ён.— Простай рэчы не разумееце. Этыкет — гэта правілы абыходжання з дамамі.

I паказаў нам гэтыя правілы наглядна: галантна пакланіўся, пашархаў па падлозе нагой, памахаў рукой, быццам у ёй і сапраўды быў мушкецёрскі капялюш — і ўсё гэта ў мой бок:

— Выбачайце, мадам! Калі ласка, мадам! Пардон-мерсі!

Калі ў гэтым і ўвесь этыкет, тады нашаму масквічу па ім пяцёрка забяспечана. Ды і мы, крыху патрэніраваўшыся, маглі б дабіцца поспехаў. Толькі скажыце, калі ласка, дзе гэта вы бачылі, каб вайскоўцы перад дамамі падмяталі падлогу сваімі пілоткамі? Ды мяне забі і зарэж, дык я перад Кацяй не буду вылузвацца гэтакім манерам. Яна ж падумае, што я здзекуюся або з глузду з'ехаў. Жартуе, канешне, наш масквіч. Але што гутарка ідзе менавіта пра манеры, гэта мы зразумелі, гэтаму мы паверылі, бо знайшліся і яшчэ такія, якія чулі нешта падобнае пра этыкет. Паверылі мы цяпер і ў чутку, што наш генерал з былых дваран. Ён як быццам перайшоў на бок Чырвонай Арміі ў грамадзянскую вайну, калі быў яшчэ маладым прапаршчыкам. Перайсці ён перайшоў, а сваіх замашак не кінуў і цяпер. Вось па яго міласці мы і будзем вывучаць за здарова жывеш лішнюю навуку. Гэта ён прыдумаў, каб у яго вучылішчы быў гэты самы этыкет. I я веру гэтым размовам, бо нездарма ж ён, калі помніце, на прыёме ў сваім кабінеце мне талдычыў: афіцэр павінен быць культурны, афіцэр павінен быць культурны!

Наш узвод раздзяліўся надвае: адны — за, другія — супраць этыкету. Па-мойму, гэта таксама лішняе. Мы і так хлопцы хоць куды: глупства не скажам, чужога не возьмем. А паклоны біць — выбачайце. Шкада, што не ад нас толькі гэта залежыць: загадаюць — будзеш вучыцца.