Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 75

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Гэтае пытанне здалося мне недарэчным і крыху крыўдным, а сам сяржант — някемлівым, недалёкім чалавекам. Што ж ён, не бачыць, якія ў нас на пагонах эмблемы? А калі бачыць, дык мог і ўцяміць, што мы яму — не пяхота, каб хадзіць у артылерыйскі парк проста на экскурсію. Гарматы для нас, артылерыстаў,— звычайная абыдзёншчына.

— У нас тут вучоба,— мусіў я растлумачыць някемліваму сяржанту.

Яго салдаты таксама перасталі працаваць і прыслухоўваюцца да нашай з сяржантам размовы. Мне здаецца, што яны скептычна паглядваюць на нас, на нашу форму — штаны навыпуск і хромавыя чаравікі. Самі ж вядома ў чым — у кірзачах.

— I многаму вы ўжо навучыліся?

Прызнацца, што мы толькі яшчэ пачалі, што сёння мы тут першы раз і, выходзіць, быццам і сапраўды на экскурсіі, нам не хочацца, і мяне чорт пацягнуў за язык:

— Парадкам!

Атрымалася гэта ў мяне даволі задзірліва.

— Ну-а,— з павагай працягнуў сяржант,— тады іншая справа.

Салдаты з усмешкай паміж сабой пераглянуліся. Няхай сабе пераглядваюцца: яны — толькі салдаты, а мы будзем афіцэрамі. I тут сяржант неяк па-свойску, шчыра нас папрасіў:

— Хлопцы, не ў службу, а ў дружбу, нам тут няма калі, дык схадзіце вы ў майстэрню — вунь яна побач — і прынясіце нам вось канала ствала. Скажыце, што я прасіў, і вам дадуць. Яфрэйтар там ёсць, артмайстар.

Ну што ж, калі б ён нам загадаў, дык, можа, і не пайшлі б, бо чужы, незнаемы сяржант — невялікі для нас начальнік. А тут чалавек папрасіў — трэба ўважыць. Майстэрня, прыземістая цагляная будыніна, была сапраўды за якіх-небудзь сотню крокаў, і мы ўсе трое пабеглі па тую вось.

— Якую вось? — перапытаў нас яфрэйтар, які корпаўся да нашага прыходу ў нейкіх жалязяках на варштаце. Рукі ў яго былі чорныя ад металу, такая ж гімнасцёрка і штаны. Ледзь-ледзь ён здагадаўся — якую, а здагадаўшыся, аж засмяяўся.

— Ну і сяржант, ну і дае. Скажыце яму, што ў мяне няма такой восі. Была ды пагнулася, трэба выпрамляць. Так і перадайце.

Так мы і перадалі: была ды пагнулася, артмайстар будзе яе выпрамляць. Вы б пачулі, які каля гаўбіцы грымнуў рогат. Усе салдаты смяюцца, а сяржант і голас страціў, толькі сіпіць.

Урэшце мы здагадаліся, што з гэтай воссю нешта тут нячыста, што мы ўліплі ў нейкую смешную гісторыю. А ў чым яе сакрэт, не ведаем.

Не пашанцавала нам і тады, калі прыбеглі да свайго ўзвода. Ён ужо стаяў у страі, і капітан, гледзячы на свой гадзіннік, строга спытаў, чаму спазніліся аж на трыццадь секунд. А паўмінуты ў артылерыі — гэта нам не жартачкі, калі снарад пралятае ўсяго за секунду мала не кіламетр. За гэты час можна з гарматы стрэліць, паглядзець у бінокль, ці трапіў снарад у цэль, сесці і закурыць. I наогул: дакладнасць — ветлівасць каралёў і галоўная вартасць артылерыста, мумба-юмба. Словам, узяў нас Педант у такі абарот, што дзецца няма куды, аж сваімі тоўстымі маслюкамі трусіць. Мусілі мы абараняцца, валіць віну на таго сяржанта-жартаўніка. Мы харошыя, гэта ён нас прымусіў насіць вось канала ствала.

— Ну, тады іншая справа,— засмяяўся капітан і змяніў гнеў на міласць. Дазволіўшы нам стаць у строй, ён сказаў: — Гэта стары артылерыйскі жарт-насмешка над навічкамі. Помню, і я на гэтую вуду калісьці папаўся. Вось канала ствала — гэта ўсё адно што дзірка ад абаранка. Слухайце ўсе, каб не трапляліся ў смешнае становішча...