Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 77

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Усе выкладчыцы і выкладчыкі прыходзілі да нас у клас самі. Самі і прадстаўляліся, хто яны такія. А тут ужо, мабыць, па этыкету новую выкладчыцу прывёў у клас капітан Захараў.

— Ала Аркадзьеўна,— неяк урачыста абвясціў ён,— прашу любіць і паважаць. Яна будзе выкладаць новы прадмет.

Ала Аркадзьеўна нам з Санькам вельмі спадабалася, і мы з ім мнагазначна пераглянуліся. Па-мойму, такіх я дагэтуль і нідзе не бачыў, апрача хіба ў кіно. Русявыя пышныя валасы, тварык такі акуратненькі, вочы з чорнымі вейкамі, нос у меру і поўныя пунсовыя губы. I ўся — нібы лялька. I галоўнае — маладая ж. Калі б дзе проста так сустрэў, дык і не падумаў бы, што яна ўжо настаўніца, ды яшчэ і па такой навуцы, як этыкет. Дзяўчына — і годзе.

Хлопцам яна, мабыць, таксама прыйшлася па сэрцу, таму што ўсе прыціхлі, адно глядзяць на яе на поўныя вочы. Ды і ў нашага капiтана губа не дурная. Ні на адным уроку, якія праводзяць іншыя выкладчыкі, ён не прысутнічаў, толькі на нашай самападрыхтоўцы чытае раманы, а тут рассеўся на апошнім радзе і не збіраецца ісці. Што ён, у этыкеце, па-вашаму, не петрыць, дык сабраўся ўрок слухаць? Тут і сляпому відаць, што прываражыла яго гэтая Ала.

У класе павеяла салодкім водарам духоў, і яна зашчабятала пра свой этыкет. Праўду казаў Коля Кузняцоў — гэта ўсё пра ветлівасць. Ах, якія мы павінны быць выхаваныя, якія галантныя, усім даваць дарогу, здароўкацца са старэйшымі і нават паміж сабой, а перад дзяўчатамі і жанчынамі так забягаць, што быццам яны ўсе прынцэсы або князёўны. Мы павінны быць рыцарамі. Словам, нялёгкая нам дасталася доля, народжаным мужчынамі.

Мы не столькі слухаем, колькі глядзім на яе, і пад нашымі позіркамі яна часта чырванее. Ад звышвыхаванасці, ці што? А можа, ад скептычных усмешак? А хутчэй за ўсё таму, што мы ж — не дзеці, а хлопцы на падбор, хоць і шкеты. I ўсе ў пагонах. Гэта табе не цывільныя шпакі.

Калі яна ужо надта расспявалася пра дзяучат і жанчын, пра далікатнасці абыходжання з імі, адзін з «рыцараў», па-мойму, Мішка Цыганкоў, з-за маёй спіны абазваўся ўголас:

— I ў чарзе за хлебам саступаць?

Ала Аркадзьеўна разгубілася і ў каторы ўжо раз зачырванелася вішняй. Але тут яе выручыў капітан.

— Разгаворчыкі!— строга асадзіў ён цікаўнага.— Вам гавораць пра этыкет, а вы пытанні задаеце без дазволу!

Так Мішкава пытанне і засталося без адказу. Мабыць, і гэтай пігаліцы-красуні, і капітану з ёю разам няма тут чаго сказаць. Чарга за хлебам — не рыцарскае гульбішча: саступіш — сам будзеш галодны. Вось як тут быць, каб і хлеба прыдбаць, і рыцарам застацца?

На перапынку ў нас толькі і размоў было, што пра Алу.

— Во, этыкетка! — паказаў вялікі палец Коля Кузняцоў, і мы з ім згадзіліся.

— Нічога сабе,— сказаў і Косцік-Пiскля.

Адзін толькі Мішка Цыганкоў не можа жыць без «цырка». Склаўшы губы банцікам, ён прайшоўся перад намі па-дзявоцку і прашчабятаў Алы Аркадзьеўны голасам:

— Вы павінны быць рыцарамі, мальчыкі.

Не паспелі мы ўдосталь насмяяцца, як з класа выбег Лёва Белкін, а за ім наўздагон — наш мастак Расошка. Мастак рабіў спробы выхапіць з Лёвавых рук нейкую паперу, а той са смехам адбіваўся. I вось папера пайшла па нашых руках. Гэта аказаўся партрэт Алы. Не тое каб вельмі, але Этыкетку ў ім пазнаць можна. Значыць, наш мастак ужо гатовы — уліп па вушы, закахаўся. Востры на язык Коля-масквіч на гэта сказаў: