Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 74

Iван Kiрэевiч Сяркоў

У маім уяўленні парк — гэта тое месца, дзе гуляюць людзі, калі ім няма чаго рабіць. Бачылі мы гэта з Санькам на ўласныя вочы. Аднойчы, калі мы насілі на базар прадаваць шчаўе ды рана распрадалі, бо тавар пайшоў ходка ў той дзень, захацелася нам пагуляць па горадзе, на людзей паглядзець і сябе паказаць. I трапілі ў парк. Уваход быў платны, але білеты недарагія. Прыкінулі, дык цана ім — адна кучка шчаўя. Ну і не паскупіліся — пайшлі. I я вам скажу, не пашкадавалі.

Было для нас прыгожа ў парку і цікава. Высокія старыя ліпы стаяць роўнымі радамі, дубы і розныя іншыя дрэвы, назваў якіх я не ведаю і зараз, бо не бачыў такіх у Падлюбічах. Дарожкі вакол роўныя, падмеценыя, аж прыемна па іх ісці босымі нагамі. I мноства кветак: і на розных градах, і абапал дарожак. А пасярод парку гучнагаварыцель іграе духавую музыку, тут жа танцуюць розныя танцы гарадскія кавалеры і дамы. Пастаялі і мы тут з мяшкамі-крапіўнікамі пад пахамі, у якіх носім звычайна свае шчаўе. Калі з нас пачалі пасмейвацца розныя франты, а больш — франціхі, падаліся да руінаў былога княжацкага палаца. Там таксама было цікава: палонныя немцы разбіралі бітую цэглу. Словам, гулялі мы па парку доўга, пакуль нас ногі насілі і жываты не падвяло пад дзевятую рабрыну з голаду. А як жа, дарма хіба мы грошы плацілі?

Вось такім я ўяўляю сабе парк. Дык то ж — культуры і адпачынку. А што значыць артылерыйскі парк, у які мы пойдзем? Няўжо там таксама і дрэвы, і кветкі? А паміж дрэў і кветак стаяць, мабыць, гарматы, і гуляюць там адны артылерысты. Сумна адным, без дзяўчат.

Якое ж мае было здзіўленне і расчараванне, калі гэта аказаўся голы двор, без адзінага дрэўца і кусціка, а на яго пляцы стаіць некалькі розных гармат. А яны — «парк»! Сказалі б — гарматнае стойбішча ці яшчэ як. Мабыць, той, хто гэта выдумаў, сапраўднага парку і не бачыў.

Капітан Захараў пастроіў нас перад гарматамі і доўга, падрабязна тлумачыў, якая з іх як называецца і якая паміж імі розніца, для чаго кожная з іх служыць. Раней мне было ўсё адно: пушка — і годзе. Не, пушка пушкай, а гаўбіца гаўбіцай. Пушка з даўжэзным ствалом і страляе напрамкі — у лоб. 3 яе лепш за ўсё па фашысцкіх танках смаліць. Гараць як міленькія. А ў гаўбіцы ствол карацейшы і больш задраны ўверх. Вось з яе можна і цераз гару снарад перакінуць прама ворагу на галаву. 3 аднаго пушачнага ствала можна два зрабіць для гаўбіцы. Гэта толькі не артылерыстам усе гарматы здаюцца аднолькавымі. А мы цяпер з Санькам ведаем, што і да чаго.

Крыху ўжо адукаваныя, на перапынку, які аб'явіў капітан на дзесяць мінут і нуль секунд, мы з Санькам і Толік Гецьман падышлі да салдат, якія ў самым канцы двара чысцілі, па нашаму цяпер разумению, гаўбіцу. Салдат было ўсяго чацвёра з сяржантам на чале.

— Гаўбіцу чысцім? — спытаў я, прывітаўшыся, каб не думалі, што мы тут лыкам шытыя.

— Правільна, таварышы будучыя лейтэнанты, гаўбіцу,— пацвердзіў салдацкі сяржант, выціраючы прамасленым пакуллем рукі.— А вы тут што, на экскурсіі?