Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 78

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Любви все возрасты покорны.

Наступныя заняткі Алачка-Этыкетка, як мы цяпер называем новую выкладчыцу, праводзіла ўжо не з адным нашым узводам, а з усёй батарэяй разам. Праходзілі яны ў сталоўцы, калі ўжо ўсё вучылішча паабедала. Нашу батарэю з абедам спецыяльна затрымалі, і мы дзеля навукі хадзілі галодныя цэлую лішнюю гадзіну. Гэта каб на занятках нам ніхто не перашкаджаў. Справа сур'ёзная — Алачка будзе нас вучыць культурнасці. Гэта мы так самі здагадаліся, бо якая ж можа быць яшчэ ў сталоўцы навука.

I вось на нашых сталах апрача нарэзанага хлеба і бачкоў з супам белыя сурвэткі, відэльцы і тупыя, нібы бабульчына капаніца, нажы. Гэта ўсё называецца сервіроўкай стала. Праўда, відэльцы на сталах заўсёды ёсць, калі мы і не вучымся есці, а проста ядзім, але імі мала хто карыстаецца, хіба ўжо які вялікі інтэлігент.

I пачаліся пакуты і смех: сурвэтку за каўнер, нібы маленькаму слюняўчык, відэлец — у левую руку, нож — у правую. Каму гэта патрэбны такія манеры? Ды мяне бабулька заўсёды па левай руцэ біла за сталом, калі я браў ёю што-небудзь, апрача хлеба. Ды я свой век пражыў без розных там відэльцаў і, калі было што есці, ніколі з-за стала галодным не вылазіў. А тут катлета — напалавіну з хлебам, і яе трэба рэзаць, нібы ў цябе зубоў няма. А паспрабуй яе яшчэ да рота данесці левай рукой ды на відэльцы. Не, лыжка — больш надзейны інструмент: і хутчэй, і ямчэй.

Але відэльцы яшчэ што? Не ў іх уся культура і ўвесь этыкет. Тут трэба есці так, быццам табе і не хочацца, спакойна, разважліва, нібы цялятка жвачку жуе. А мы ж пазвыкалі — аж за вушамі трашчыць — не жуём, а «рубаем». Нам гэтыя манеры не ішлі не ехалі. Калі глядзяць на нас Алачка і афіцэры, манернічаем, а як толькі адвернуцца — зноў па-свойму. I ўрок культурнай яды скончыўся датэрмінова.

— Усім і ўсё зразумела? — спытала Ала Аркадзьеўна, раптам убачыўшы хутка апусцелыя талеркі.

— Не,— знайшоўся жартаўнік у другім узводзе,— калі б зноў паўтарыць.

Батарэя зарагатала, а Этыкетка пачырванела.

Тут афіцэры на нас прыкрыкнулі, і на гэтым заняткі скончыліся. А вячэралі мы ўжо па-людску, без шляхецкіх замашак. Вядома, мы зразумелі, як паводзяць сябе за сталом згодна этыкету, але ж гэта, мабыць, трэба не кожны дзень і не ўсюды, дзе-небудзь толькі ў вялікіх гасцях. Паклічуць — не падкачаем, пакажам і этыкет.

А між тым некаторыя з нашага ўзвода часта пачалі ўздыхаць. I не без прычыны. Мабыць, тут вінавата Алачка. Адзін з такіх пакутнікаў — Коля Кузняцоў. Яе партрэт, намаляваны Расошкам, ён тады ў калідоры гаспадару так і не аддаў, хоць і пад'ягорыў, што каханню ўсе ўзросты падуладныя.

— Я аддам яго ей,— палохаў ён беднага мастака, і той аж бляднеў пры гэтым і чырванеў. Але партрэт аказаўся ў Колевай тумбачцы, прымацаваны да ўнутранага боку дзверцаў. Праўда, павісеў ён там мала — сарваў Юрка-старшына. Словам, мы ведаем цану Колевай бравады — пакутуе тайна.