Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 73

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Запісвае каштан, апрача адзнак, у свой сшытак і яшчэ нешта цікавае пра нас. Нам думаецца, што тыя запісы не надта пахвальныя, і кожнаму хочацца ў іх заглянуць. Але гэта нікому яшчэ не ўдалося: «чорны» сшытак, як ён у нас называецца, хоць вокладка на ім і зялёная, капітан не пакідае на стале і на мінуту, а носіць яго ў палявой сумцы.

Ну, з капітанам зразумела: ён наш камандзір, і не проста камандзір, а выхавацель. Яму трэба ўсё ведаць да драбніцы. Але ж раз у тыдзень класныя журналы ўсіх узводаў носяць і падпалкоўніку Асташэўскаму, які праглядвае іх у сваім кабінеце — канцылярыі батарэі. Пасля прагляду таго-сяго ў кабінет выклікаюць на «гутаркі», якія мы называем санапрацоўкай. Толькі з лазні чалавек можа выйсці такім чырвоным. Нам, шкетам вельмі па душы, калі падпалкоўнік гутарыць з дзядзькамі. У нас тады ва ўзводзе свята.

Паміж многіх «цывільных» навук, якім нас вучаць, уціснулася і адна ваенная — стралковая падрыхтоўка. Выкладае яе сам капітан Захараў, наш камандзір-выхавацель. Гэта лёгкі для нас з Санькам прадмет. Хто з хлопцаў у Падлюбічах не ўмее разабраць і сабраць карабін? I навучыў нас гэтаму не школьны ваенкіраўнік з адзінай сваёй вучэбнай вінтоўкай, ды і тая з прасвідраваным ствалом, каб не страляла. Навучыла нас вайна. Многія нашы аднагодкі нават разбіралі снарады і міны, а калі што не разбіралася — у ход ішлі зубіла і малаток. Многія разбіралі, але не усе разабралі: хто без рук застаўся і вачэй, а хто і на могілках ляжыць. Так што карабін для нас — не навіна, не вялікае дзіва.

Але капітан умее пра ўсё расказваць так цікава, што вушы развесіш. Здаецца, пакажы яму Глыжкаву рагатку, з якой малы страляе па вераб'ях, і то ён раскажа пра яе што-небудзь небывалае. А тут карабін. Вось і пачалася гісторыя стварэння стралковай зброі наогул — з тых часоў, калі кітайцы выдумалі порах, і да нашых дзён. Доўгая гэта была гісторыя — на цэлую гадзіну. А затым пачалася тэорыя: «сцебель-грэбень-рукаятка-зуб-адсечка»—і ўсё гэта на адной жалязячыне, затворы.

Затвор нам хутка знадаеў з яго «сцеблямі» і «грэбнямі», і цяпер мы чакаем, калі нас павядуць на даўно абяцанае стрэльбішча. Вось там мы з Санькам, мабыць, сябе пакажам. Але на стрэльбішча ўсё не вядуць і не вядуць. Ды і сама стралковая падрыхтоўка ў класе, калі мы збіраем і разбіраем карабіны, бывае рэдка. Праклятая хімія — значна часцей. А ў ёй, як ні стараюся, я не разумею ні вуха ні рыла. Праўда, цягну на чацвёрку пры дапамозе шпаргалак.

Светлы дзень надышоў для нас з Санькам, ды і для новых нашых таварышаў, калі ў раскладзе ўрокаў вычыталі нечаканае для сябе: «азнаямленне з матэрыяльнай часткай артылерыі». Вось калі яно пачынаецца. А то — карабін. Ды з карабінам толькі пяхота ваюе. А мы — артылерысты. Значыць, нам гарматы падавай. Вось толькі не разумею, чаму знаёміць з той самай матэрыяльнай часткай нас павядуць у нейкі артылерыйскі парк. Не разумею, а спытаць саромеюся. Да смерці не люблю, калі з мяне смяюцца.