Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 7

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— А гэта ж чаму так? — яршыста спытаў Санька.

Здаецца-такі, мы адчапіліся ад гэтых нахабнікаў не зняважаныя.

— А таму, што скажу генералу, і не прымуць,— агарошыў нас «камандзір», а яго таварышы пры гэтым спачувальна ўздыхнулі, і выгляд у іх быў такі, быццам мы з Санькам беспаваротна асуджаны лёсам.

— У вучылішчы не трэба такія неслухі,— дабіваў нас тым часам праціўнік, прыкмеціўшы, што мы з Санькам абвялі,— тут трэба дысцыпліна, а такіх, як вы, і на гарматны стрэл сюды не пускаюць.

Мы з Санькам не ведаем, верыць яму ці не верыць. Няўжо яго генерал паслухае? А калі падумаць, дык чаму б і не. Можа, ён генеральскі любімчык, а можа, і зусім нейкі родзіч, а там, чаго добрага,— і сынок. Тады, пішы прапала наша артылерыя, і застанёмся мы проста задавакамі няшчаснымі, тады нам у вёску хоць не вяртайся — куры засмяюць. Дык ці да гонару тут? Яшчэ невядома, дзе яго згубіш, а дзе — знойдзеш. I мы здаліся.

Санька яшчэ мацней засоп носам, пачырванеў так, што і рыжоцця яго стала не відаць, моўчкі адышоў на тое месца, адкуль пачынаў падыход да «начальства» выхаванец Казлоў, выгнуў дугой свае, як у пеўня, грудзі і рушыў.

Не, што вы мне ні кажыце, а яшчэ ніхто і ніколі ні ў адной арміі свету так не вітаў самае высокае начальства, як Санька гэтых падшыванцаў у пагонах. Стараючыся трымаць ногі нягнуткімі кіямі, ён так таўчэ пляц падэшвамі парыжэлых матчыных ботаў, што толькі пыл курыць, а вакол мала не коціцца рэха. Ідзе ён, нібы драўляны, і мне здаецца, што ад такой хадзьбы ў яго вось-вось адваліцца галава. Вайсковы картуз, які Санька носіць з самай акупацыі, ссунуўся на яго строгія вочы, а рука, прыкладзеная лодачкай да сшытага суровай ніткай казырка, матляецца, не іначай нежывая. Карціна атрымалася нават больш уражлівая, чым у таго падлізы-выхаванца. Задаволеная ею, ненавісная нам троица рагатала ўпокат, асабліва — галоўны з іх. А калі яшчэ і я ўслед за Санькам затупаў бацькавымі чаравікамі — яны і зусім пасінелі, хоць вадой адлівай, адзін з іх толькі прастагнаў:

— Ой, не магу — цырк на дроце...

Пакуль яны заходзіліся ад смеху, мы з сябрам выбралі момант і — ходу. Але не тут яно было.

— Эй, шпакі! Стойце!— пераняў нас закапёршчык усёй гэтай валтузні.— А на КПП вас правяралі? Што вы несяце ў сумцы?

— Харч,— здзіўлена адказаў Санька, з гатоўнасцю адшпільваючы процівагазную сумку, у якой ляжаў праснак, спечаны бабуляй мне на дарогу з новага жыта, і з дзесятак Санькавых яблыкаў, прыпасеных ім загадзя для паходу ў вучылішча ў суседавым садзе.

— Правер,— загадаў свайму паслугачу той зануда з лычкай, і выхаванец Казлоў, які паказваў нам, як трэба хадзіць перад начальствам, заглянуўшы ў наш процівагаз, радасна ўсклікнуў:

— Яблыкі!

Не паспелі мы і вокам плюснуць, як яны ўжо гаспадараць без дазволу ў нашым хатулі, як хочуць: перабіраюць у тры рукі антонаўкі, валожкі, пуціўкі, глядзяць, дзе спялейшае ды каб не чарвівае. А грызуць яны з такім апетытам, так смачна хрумсцяць, што я аж засумняваўся, а ці такі ўжо і сытны артылерыйскі паёк, як нам распісваў Юрка. Хруст такі стаіць, нібы ў калгаснай стайні, калі коням дасі буракоў. Вось цяпер гэтыя хлопцы ў абмундзіраванні нечым падобныя і на нас — яны таксама яблыкі любяць, толькі садоў тут, відаць, няма. А каб і былі — у пагонах не палезеш: званне не дазваляе. Тут у каго хочаш апетыт разгуляецца. Ну, а нахабнасці ім не трэба пазычаць: самі ласуюцца і нам дазваляюць.