Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 8

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Частуйцеся, не саромейцеся,— ветліва запрашаюць яны нас, калі з усёй садавіны засталася самая зеляніна ды чарвяточына.

Вось цяпер толькі, калі мы ўжо і не чакалі, і з'явіўся наш Юрка, адкуль — ніхто і не бачыў, нібы з неба ўпаў.

— Здароў, хлопцы,— радасна павітаўся ён са мной і з Санькам за руку і папракнуў: — Я іх шукаю па ўсім вучылішчы, а яны тут ужо знаёмых завялі.

Мы адразу павесялелі, абстаноўка ўмомант змянілася, цяпер у нас з тымі сілы роўныя. Цяпер, калі справа дойдзе да чаго такога, яшчэ паглядзім, хто каго. Ды і нашы так званыя знаёмыя гэта зразумелі. Яны перасталі хрумсцець яблыкамі, і іх важак, адразу перамяніўшы тон, спытаў у нашага збавіцеля:

— Землякі?

— Землякі,— пацвердзіў Юрка і, відаць, здагадаўшыся, што тут адбылося, важка дабавіў:— I калі вы іх яшчэ раз зачэпіце хоць пальцам — справу будзеце мець са мной.

Вось так яно ўсё павярнулася. А то — чэсць ім аддавай. Генералу ён, бачыце, скажа. Знайшоўся тут начальнік. Цяпер мы за Юркам, што за каменнай сцяной. Яго аўтарытэт і раней быў для нас высокі, а цяпер вырас вышэй за генеральскі.

Мы радасна крочым з ім па падмеценых і абкладзеных пабеленай цэглай дарожках і захапляемся, як ён хвацка вітае сустрэчных афіцэраў, стройны, падцягнуты, усё на ім як уліта, пілотка набакір, пагоны з фальговай акантоўкай ззяюць золатам, не пагоны — эпалеты.

Па дарозе ў прыймовую камісію, дзе, на думку Юркі, трэба праверыць, ці ёсць мы ў экзаменацыйным спісе, ён нас між справай крыху і адукаваў. Аказваецца, усё не так проста, як нам думалася. Аказваецца, што ўсе такія юнакі, як мы, дзеляцца на двое: на шпакоў і апаўцаў. Шпакі — гэта тыя, хто яшчэ толькі паступае ў вайсковае вучылішча, як мы, напрыклад, і тыя, хто і не збіраецца паступаць, словам — народ цывільны. Няма пагонаў — значыць, ты шпак. А шпак ён і ёсць шпак. Ён ні бум-бум у вайсковай службе, пра артылерыю — і гаварыць не варта. Для яго, скажам, простая рэч — гаўбіца ці марціра — цёмны лес. Ён толькі дзюбу, нічога не разумеючы, раскрые і слухае: у адно вуха заляцела, з другога — вылецела.

Мы з Санькам з захапленнем пераглянуліся і непрыкметна закрылі разяўленыя раты, якімі лавілі кожнае Юркава слова.

Апаўцы — людзі іншага гарту. Гэта такія, як Юрка. Слова гэта складзена з літар «А», «П» і «В», што значыць артылерыйскае падрыхтоўчае вучылішча. Але каб мець званне апаўца, трэба правучыцца не менш года. Па нашаму з Санькам разумению, гэта без пяці мінут афіцэр. А першагоднік — гэта яшчэ не апавец, а салага, гэта ўсё адно, што рыба такая — салака супраць селядца. Тыя, што да нас прыставалі, таксама яшчэ, на Юркаву думку, салагі.

Хутчэй бы ўжо нам з Санькам здаць уступныя экзамены, хутчэй бы са шпакоў — ды ў салагі!