Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 9

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Напярэдаднi штурму

Мы з Санькам — дзеравеншчына. Вось пражылі свой хлапечы век і нічога яшчэ толкам не бачылі, апрача немцаў, пажараў, бульбы-гнілушкі. Толькі таго і свету было, што сямігодка, поле, луг ды гарадскі рынак, дзе мы прадавалі шчаўе, каб купіць сабе сшыткі і кніжкі. I не дзіва, што цяпер мы ходзім па вучылішчы, і многае нам у навіну. Прывёў Юрка ў спартыўны зал — раты разявілі: вялізны ж, як гумно, а вокны пад самай столлю. Хваробу ты праз іх што-небудзь на вуліцы ўбачыш. Адна сцяна наогул не наша, Юрка кажа — шведская. На ей ад столі да падлогі драўляная рашотка. Нейкія рэйкі ў кутку стаяць на жалезных нагах з нікеляванымі круцёлкамі. Гэта нібыта спартыўныя брусы. А для чаго яны, бог святы знае.

А народу тут, як у вулеі, і ўсё — шпакі. Гэта ж іх столькі рвецца ў афіцэры! А ўсіх жа, мабыць, не возьмуць. Значыць, і мы з Санькам можам праляцець міма. I ў нас павіслі насы.

— Ну, будзе штурм!— пацвердзіў нашу боязь і Юрка, але, заўважыўшы наш кіслы выгляд, тут жа і падбадзёрыў:— Трымайце хвост пісталетам — прарвёмся.

Узяўшы нашы «выклікі», ён знік у шумным, устрывожаным хлапечым натоўпе, а мы засталіся адны, без павадыра. Адчуванне такое, быццам нас кінулі ў ваду, а мы не умеем плаваць. Куды тут сам паткнешся, у каго спытаеш, што і калі будзе? Вакол такі ж разгублены, нястрыжаны і зануджаны народ. I толькі зусім нямногія, чалавек гэтак пяць ці шэсць, ходзяць гогалямі. Яны і пастрыжаны па-гарадскому, і апрануты, і абуты чысцей і багацей за астатніх. Адзін нават парыцца ў летніку, такі ён важны. Ходзяць гэтыя гогалі сваім гуртам, трымаюцца ўпэўнена, фанабэрыста і размаўляюць ужо так культурна, што нам, вясковым, далека да іх скакаць. Гэтак размаўляла ў нашай школе толькі Ала Бобрыкава, ці прасцей — Бабрыха, дачка калгаснага бухгалтара, які прыехаў да нас аднекуль з далёкага горада. Дык мы ей за гэта праходу не давалі, як сустрэнем, так і падкусім: «Моя мама городская, говорит на букву «гэ»: Гриша, гад, гони гребенку, гниды голову гризут!» А яна не заставалася ў даўгу і абзывала нас замурзанай дзярэўняй. Так гэта цягнулася, пакуль з-за яе не пачаў рабіць нам паскудствы малады кінамеханік, які прыязджаў па нядзелях у вёску са сваей перасоўкай. Ён перастаў нас пускаць у кіно, а яе — калі ласка, і без білета. Мусілі мы прыкусіць языкі.

Шуміць, хвалюецца спартзал. У некаторых у руках падручнікі: у каго геаметрыя, у каго алгебра, а адзін, бачым, з хіміяй прахаджваецца. Тут у нас з Санькам і сэрцы пад лёд. Няўжо і хімію здаваць трэба? Хоць Юрка і гаварыў, што толькі рускую мову і матэматыку, але ж начальства магло і перадумаць, бо калі раскінуць мазгамі, дык артылерысту без хіміі нельга. Павінен жа ён ведаць, як ды з чаго робяць порах і тол. Без пораху і толу не стрэліш і не ўзарвеш. А мы з Санькам хімікі нікудышныя, хіба што ваду ад малака і можам адрозніць.

Па-мойму, яе і нашы падлюбскія настаўнікі гэтак жа разумеюць. У нас, у школе, пакуль што няма яшчэ ні сапраўднага хіміка, ні хімічкі. Выкладалі нам гэты прадмет то Бісектрыса, настаўніца па матэматыцы, то сам дырэктар. Хімічылі мы з імі да выпускных іспытаў і цвёрда ўразумелі толькі адно — формулу вады. Дык яна ж такая простая, што і каню можна ў галаву ўбіць, не тое што нам. Мудрасці там: «аш» два і «о». Словам, калі ўзяць дзве вадародзіны — гэтыя самыя «аш», ды адну кіслародзіну — тое ж самае «о», а затым старанна ўсё гэта перамяшаць у якой-небудзь пасудзіне, хоць і ў карцы,— вось табе і вада. Да практычных доследаў справа, праўда, у нас не дайшла, таму што ў Падлюбічах няма дзе ўзяць чыстага вадароду і кіслароду, усё даўно само перамяшалася ў калодзежах, у раўчаку і возеры. Для чаго толькі формула прыгадзілася, дык гэта Саньку скласці верш пра свае боты: