Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 6
Iван Kiрэевiч Сяркоў
— Ну?
I тут нам здалося, што мы з Санькам зрабілі бог ведае якую непрыстойнасць, скажам, самае малое — без штаноў на вулiцу выйшлі, бо старэйшы з тых траіх з адной лычкай на акаймаваных жоўтай істужкай пагонах аж за галаву ўзяўся.
— Не, вы толькі паглядзіце, таварышы, што робіцца?— з болем у голасе ўсклікнуў ён.— Вы толькі паглядзіце, як яны падыходзяць да камандзіра!
Яго таварышы з дакорам паківалі галовамі, асуджальна пацмокалі языкамі, маўляў, як нам не сорамна, як нам не ай-я-яй. I каб хто ўсміхнуўся. Здзекуюцца, паразіты. Мы з Санькам не лыкам шытыя, бачым, што здзекуюцца. Ці даўно самі чэрствай скарынцы былі рады, ці даўно паскідалі такія ж як і на нас, грэшных, рызманы, і ўжо строяць з сябе ваша высакароддзе. Камандзіры шалудзівыя. Калі б мы сустрэліся з імі ў нашай вёсцы ды на сваёй вуліцы, дык там бы яшчэ яно паказала, хто з нас шпак, а хто — арол. А тут наўрад ці пакажа: падмогі няма, і ўцякаць не ведаем куды, у свой двор не схаваешся — далека.
Мы стаім слупамі, разгубленыя і раззлаваныя: ім тут жартачкі, а ў нас часу няма. Можа, нас там ужо дзе чакаюць і не могуць дачакацца, а гэтыя д'яблы тут прычапіліся, што не адчапіцца. I Юрку свінні з'елі. Не, каб прыйсці ды выручыць, пакуль да пабоішча не дайшло.
— Выхаванец Казлоў,— загадаў тым часам строгім голасам той, што строіў з сябе камандзіра,— пакажы гэтым шпакам, як трэба падыходзіць да начальніка!
Выхаванец Казлоў — нос аблуплены, бульбінкай, шыя, як і ў нас з Санькам,— дзве ў каўнер змесціпца, пілотка са стрыжанай галавы налазіць на адтапыраныя вушы — адбег крокаў на пяць, прыклаў руку да скроні і, высока ўскідваючы ногі, як пайшоў, адбіваючы крок, дык у нас з Санькам і сківіцы адвіслі ад здзіўлення. Артыст — і годзе! Ідзе, халера, як танцуе. Вось ён па-заліхвацку ляснуў абцасамі і, выцягнуўшыся перад сваім начальствам струной, высокім дзявочым голасам адрапартаваў:
— Таварыш камандзір! Выхаванец Казлоў па вашаму загаду прыбыў!
А мне тым часам падумалася: падшыванец ты, а не выхаванец, падліза ты няшчасны. 3 яго паслугача робяць, а ён рады старацца. Ды мы такіх падлізаў у школе лупцавалі як сідаравых коз. Не па душы нам гэты народ.
— Ну, а цяпер вы!— загадаў нам з Санькам самазваны камандзір.— Хто з вас смялейшы?
Ні я, ні Санька не крануліся з месца. Не на тых хлопцаў ён трапіў, каб трымцелі перад кожным ёлупнем, хоць ён і мацнейшы за нас. Санька яму так і адрэзаў:
— Не нукай, не запрог!
— Будзеш нашым камандзірам, тады — і камандуй,— падтрымаў Саньку і я, ужо гатовы да бойкі, якой, здавалася, не мінуць. Ды і Санька таксама напагатове. Няхай не думаюць, што мы вясковыя, дык з нас можна вяроўкі віць. Як кажуць, трапіла каса на камень. Яны стаяць, і мы стаім. Маўчым. Глядзім спадылба. Сапём раздзьмутымі ноздрамі. Нашы праціўнікі паглядваюць на свайго завадатара, мабыць, чакаюць сігналу.
Але завадатар сігналу не даў. Крыху падумаўшы, ён сказаў раптам амаль што мірна:
— Ну і не трэба, не аддавайце нам чэсці, толькі вучылішча вам не бачыць, як сваіх вушэй.