Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 5

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Ну-ну, шуруйце, Панове афіцэры.

А на развітанне рукой да сваёй пілоткі крануўся. Чэсць аддаў! Санька на ўсе сто перакананы, што гэта ён нам чэсць аддаў. Гэта ж выдумае што-небудзь, дык хоць стой, хоць валіся. Можна падумаць, што сяржанту няма каму чэсці аддаваць, апрача нас. Можа, ён проста муху сагнаў. А Санька на сваім стаіць: чэсць — і годзе. Той сяржант наперад глядзіць: атрымаем званне — можам яго па стойцы «смірна» так паставіць, што — ого! Словам, ніхто на КПП нашага гонару не адкусіў, а ў Санькі яго яшчэ і прыбавілася.

Але як бы там ні было, мы ў вучылішчы. Асабіста ў мяне адчуванне не скажу, каб геройскае. Тут зойдзеш іншы раз у чужы двор і то, як стрыножаны, не ведаеш, куды ступіць, дзе прытуліцца,— усё не свае, усё незнаёмае, усё не так, як дома. А гэта ж вайсковае вучылішча! Тут зусім іншае царства: вакол падмецена, прыбрана, дарожка, па якой мы ідзём, абапал абкладзена пад шнур цэглай, а цэгла яшчэ пабелена і крэйдай. Ступіць лішні крок страшна, плюнуць няма куды, так чыста. Гэта табе не нашы Падлюбічы і не вуліца Батарэйная. Нават паветра тут не такое: сосны хоць і рэдкія, а свой пах даюць.

А галоўнае — людзі. У цывільным тут рэдка каго і сустрэнеш, усе — вайскоўцы. І ніхто з іх не бяжыць, як у горадзе, на злом галавы, ніхто не ходзіць разявіўшы рот, як мы з Санькам, не ловіць варон. А калі хто ідзе, дык ідзе, адразу відаць, што па справе. Сустракаючыся, яны ўскідваюць руку да скроні і цвёрда гэпаюць па зямлі падэшвамі, бяруць пад казырок. I нам з Санькам у вочы кінулася, што той гучней гэпае і вышэй падкідае ногі, у каго меней зорак на пагонах, а ў каго зоркі болыиыя, той толькі рукой адмах-нецца і — будзь здаровы.

I песні, аказваецца, тут у модзе. Дзе вы бачылі, каб людзі гуртам ішлі па вуліцы і на ўсё горла спявалі песню? Хіба што на вяселлі. А тут параўняўся з намі строй такіх, як Юрка, хлопцаў ды як грымне ўжо знаёмы нам марш. I так гэта ў іх гучна і дружна атрымлівалася, што нам з Санькам і самім хацелася заспяваць.

Не, што ні кажыце, а вайсковае вучылішча, ды яшчэ артылерыйскае — зусім іншы свет, не той, у якім мы жылі дагэтуль.

Ходзім мы гэта па новым для сябе свеце, шукаем, у каго спытаць, куды нам трэба, і раптам:

— Эй, шпакі! Ідзіце-тка сюды.

Азірнуліся, каго там клічуць, што тут за шпакі такія ёсць у артылерыстаў,— аказваецца, гэта нас з Санькам клічуць. Мы так заслухаліся песнямі, што не заўважылі на лавачцы пад сасной траіх, як сказала б наша геаграфічка, абарыгенаў. Па ношанай форме, якая добра сядзіць на іх, адразу відаць, што не навічкі. Напэўна, Юркавы аднагодкі. Хаця адзін з іх, мабыць, і жаўтароцік: гімнасцёрка сядзіць лубам, сам дробненькі.

Што зробіш, трэба ісці, каб непрыемнасці якой не было. Усё ж такі не на сваёй вуліцы. А можа, што добрае і скажуць: куды, напрыклад, нам падацца са сваімі выклікамі на экзамены, дзе тут нас павінны прымаць. Мы не кінуліся да іх рыссю, а падышлі нага за нагу, і Санька насцярожана спытаў: