Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 69

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Ну вось — даўно трэба было адразу акунуцца. Мы бачым, як «рыбалоў» паўзе па дне «рэчкі» ў пошуках кручка, як ён там вось-вось захлынецца, як ён хапае паветра шырока адкрытым ротам, вынырнуўшы з вады.

Усё ў парадку, можна «вудзіць» далей. I Мішка зноў пільна-пільна глядзіць на ўяўны паплавок і ніяк не можа рукамі, якія дрыжаць, скруціць уяўную цыгарку, бо зноў «клюе».

Паглядзець на гэта відовішча прыходзіць уся батарэя, у тым ліку і дзядзькі.

Вось табе і шкеты.

Пра грузіна Надара Дадалішвілі можна было б не расказваць, бо ён не спявае, не малюе, не ўмее выкідваць такіх конікаў, як Мішка-шэльма, а тым больш не падпольшчык, не партызан, як мы з Санькам, і не сын палка, як Міцька Яцук. Але ў яго шырокая душа. Неяк я ўбачыў у Надара ножык-сцізорык, прыгожанькі такі ножык з перламутравымі тронкамі. Ну і пахваліў. Надар вельмі абрадаваўся маёй пахвале і спытаў:

— Табе сапраўды падабаецца?

I ўжо зусім нечакана:

— На, бяры! Цяпер гэта твой нож.

Пачаў я аднеквацца, упінацца, маўляў, як гэта так: гэтакую рэч і задарма бяры? Тады ён кінуўся ў крыўду:

— Ты мне друг ці вораг? Бяры, гавару табе!

Каб не стаць яму ворагам, я ўзяў і цяпер шыкую з Надаравым ножыкам, калі трэба завастрыць аловак ці ў сталоўцы трапіцца тоўстая луста хлеба. Ды калі луста і ў рот лезе, дык усё адно ножыкам разрэжу, каб лішні раз на яго паглядзець.

А яшчэ Надар запрашае ўсіх, хто яму падабаецца, да сябе ў Грузію ў госці. Зразумела, не зараз, а цераз год, на будучае лета, калі ў нас будзе водпуск. Кожнаму свайму госцю ён звычайна гаворыць:

— Будзеш шашлык кушаць, вінаград, чабурэкі, сіцыві.

Што гэта такое, апрача вінаграду, мы з Санькам не ведаем, але думаем, гэта, мабыць, смачней і за бульбу з салам, і за драчонікі. А пра вінаград ведаем: у кіно бачылі. Мы з Санькам таксама запрошаны ў Грузію.

Праўда, нам яшчэ можа быць і адмоўлена, бо Надар гэта іншы раз робіць. Вось Лёву Белкіна ён быў запрасіў, а затым чамусьці яны не паладзілі, і Лёва атрымаў адмову:

— Не паедзеш у госці, не будзеш кушаць вінаград, шашлык і чабурэкі!

Затое астатнія запрошаныя могуць, канешне, паехаць і ў Грузію. Абы захацелі.

А яны гавораць — шкеты. Ды ніводнаму дзядзьку Грузіі не бачыць як уласных вушэй. У іх няма свайго грузіна. І ў астатніх двух узводах няма.

Я, вядома, тут не пра ўвесь свой узвод расказаў. Увесь узвод — гэта дваццаць пяць чалавек. Я расказаў толькі пра тых, з кім цяпер таварышую. Але завяліся ў мяне і ворагі. Нямнога, праўда, адзін. Гэта Сцёпка Рубцоў з Растова-на-Доне.

Я ў сваім аддзяленні (а гэта паўузвода), як вядома, па Санькавай міласці— «развадзяшчы»: дзялю за сталом суп і кашу. I вось аднойчы пасля абеду адводзіць мяне за вугал сталоўкі Сцёпка Рубцоў, каржакаваты і даволі-такі дзябёлы хлопец, і ваяўніча гэтак гаворыць:

— Ты мне мяса кладзі як след, самую вялікую порцыю. Сам не еш, а мне каб было. А не тое — помні!

— Гэта ж чаму? — крыху быў разгубіўся я.

— А таму, што канчаецца на «у»,— сурова адрэзаў Рубцоў, пранізваючы мяне злосным позіркам прыжмураных вачэй, а затым усё ж растлумачыў: — Я з Растова. Чуў пра такое: Адэса — мама, а Растоў — тата? Мы там не любім такіх фраераў, як ты. Мы ім робім — чык! — і вашых няма!