Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 67

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Выйду к морю, выйду к морю я под вечер, Там одну красотку встречу С золотистыми роскошными кудрями И с улыбкой на устах.

Спявае ён, па-мойму, хораша, як гэта можна пачуць часта і па радыё, асабліва калі пачне залівацца тонкім голасам на прыпеве:

Тири-томба, тири-томба, Тири-томба, песни пой!

Калі Лёва спявае, ён нічога не чуе і не бачыць вакол сябе: можна падумаць, што там, за акном казармы, ужо і сапраўды Італія з морам і з красунямі ў залацістых кучарах. Лёва слухае толькі свой голас і прыкметна ім любуецца.

Калі яму знадаядуць мора і красуні, ён пачынае «выйдзі-выйдзі». Гэта, па яго словах, і не песня, а нейкая тарантэла. Што гэта такое, самі спытайце ў Лёвы. Вось ён набірае паветра поўныя грудзі і цягне бясконца:

Выйди-выйди-выйди-выйди, выйди ко мне. Буду-буду-буду-буду, буду ждать при луне.

I калі Лёва ўсім ужо так натаранціць у вушах, што сцерпу няма, хто-небудзь ды не вытрымае:

— Лёва, выйдзі ты лепш адсюль сам, пакуль цябе не вывелі.

Ён тады крыўдзіцца, закапыльвае ніжнюю губу і выходзіць. А праз мінуту адкуль-небудзь з пустой умывальні зноў даносіцца «выйдзі-выйдзі». Там Лёва ў гордай адзіноце дапявае свае «тарантэлы».

Але гэта не адзіная Лёвава здольнасць. Ён запэўнівае нас, што ўмее фатаграфаваць. Калі ў яго будзе «лейка», а хоць які-небудзь іншы апарат, тады ён здыме нас каля «касы смерці» — будзь здароў! Дзядзькі з першага ўзвода будуць лопацца ад зайздрасці.

Не дзе-небудзь, а ў нашым чацвёртым ўзводзе ёсць і мастак, якога цэніць сам камбат, падпалкоўнік Асташэўскі. Гэта мой недалёкі сўсед па ложку і цёзка — Іван Расошка. Калі па праўдзе сказаць, ён самы мурзаты ва ўзводзе чалавек. Яго рукі заўсёды ў розных фарбах: чырвоных, зялёных, жоўтых і сініх. Паспеў ён і на гімнасцёрку ўжо не адну пляму пасадзіць. Дык што ж вы хочаце? Мельнік заўсёды ў муцэ. Калі б гэта я хадзіў з такімі рукамі або хто іншы, дык начальства ўжо даўно жыўцом з'ела б.

Яму таксама спачатку перападала на арэхі за неахайны выгляд, а потым усе як бы і змірыліся, махнулі рукой. Нічога тут не зробіць Санька-яфрэйтар і нават Юрка-старшына, калі яго сам камбат выклікае да сябе ў канцылярыю і загадвае маляваць розныя стэнды: «Нашы выдатнікі», «Дакументацыя батарэі». Але каб вы паглядзелі, як у нас усё размалёвана: чырвоныя сцягі, дубовае лісце, перавітае чырвонымі стужкамі, артылейрыйскія эмблемы, розныя гарматы, хоць і невядома якога калібру і прызначэння. I ўсё, нібы жывое. Зайшоў да нас у казарму аднойчы генерал, дык вельмі хваліў Расошкава мастацтва. А самога Расошку на той час ад генерала ў капцёрку схавалі, бо ён і сам, як на грэх, тады быў добра размаляваны.