Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 71

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Праўда, «вуксалі» робяцца рэдка і не ўсімі дзядзькамі. Але ёсць там у іх адзін дуралом па прозвішчу Лобан. Вось той на такую расправу над шкетамі — мастак. Аднойчы наш Пiскля, самы дробненькі ў нас хлопчык Косцік Лямешка, прыбег у размяшчэнне ўзвода ўвесь у слязах. Толькі што ва ўмывальні Лобан зрабіў яму тры «вуксалі». Уся Косцева віна перад Лобанам была толькі ў тым, што ён агрызнууся і сказаў:

— Дзядзька, дастань верабейку!

Мы ўсе абурыліся і нават раілі Косцю далажыць калі не капiтану Захараву, то хоць старшыне, таму што тры «вуксалі» — гэта ўжо замнога. Гэта ўжо занадта дала волю рукам тая дубіна. Але Косця дакладваць адмовіўся наадрэз. Ён — не фіскал, ён сам яму пакажа, таму Лобану, ён адпомсціць. 3 гэтага і пачалася вайна паміж шкетамі і дзядзькамі.

Непрыемнасці ў дзядзькі Лобана пачаліся ўжо наступнай раніцай. Ён і яго таварыш спазніліся ў строй на фіззарадку, і старшына ўляпіў ім па вымове і папярэдзіў, што пры паўтарэнні спазнення дасць па нечарговаму нараду драіць гальюн — прыбіральню. А яны апраўдваліся, хтосьці ім, бачыце, пераставіў ноччу чаравікі: у аднаго аказаліся абодва левыя, у другога — абодва правыя. Пакуль разабраліся, дык і спазніліся.

Шкеты адразу здагадаліся, чыіх рук гэта справа — нашага Пісклі, вось толькі ніхто не мог зразумець, калі ён паспеў зрабіць такую дыверсію. Усе мы толькі падзівіліся яго выдумцы, усе яе ўхвалілі і паміж сабой ад душы пасмяяліся. Будуць ведаць, як нос задзіраць. Мы, бачыце, шкеты, а яны дык гвардзейцы, чэрці даўгавязыя.

— Пагуляйце трохі, ён у мяне яшчэ і ваксы пад'есць!— пакляўся перад намі Косцік.

Мінула два дні, і наш мсціўца стрымаў слова. Пад'есці, праўда, Лобан ваксы не пад'еў, а зубы пачысціў. Вакса была так удала замаскіравана ў карабку з зубным парашком, што Лобан яе і не заўважыў — акунуў шчотку ў парашок і давай шураваць па зубах. Ну і смеху было, на ўсю умывальню! Уся батарэя рагатала, ледзь не поўзала, асабліва — наш узвод, гледзячы на тое, як Лобан то паглядзіць на сваю шчотку, то яе панюхае і недаўменна пытае:

— Хлопцы, адкуль тут вакса?

Адкуль. Няхай не будзе такі лёгкі на руку, дык і ваксы не будзе на зубной шчотцы. Вось цяпер няхай паплюецца, нібы вярблюд.

Затым наступіла зацішша. Сэрца нашага Пісклі памякчэла. Але нечакана вайна успыхнула зноу. Гэта, я б сказау, быў яе грузінскі перыяд. Пакрыўджаны тым жа Лобанам, Надар Дадалішвілі аж скрыгатаў зубамі.

— Усё — кроўная помста! — кіпеў ён.

Усе, хто гэта чуў, спрабавалі супакоіць Надара, каб справа да крыві не даходзіла, а то яшчэ, чаго добрага, зарэжа чалавека з-за пстрычкі па «качану». У іх там, у Грузіі, кажуць, з гэтым проста: ледзь што — адразу кінжал.

— Не будзе кінжал,— супакоіў нас Генацвале, і ўсе мы, затаіўшы дыхание, крыху чагосьці пабойваючыся, пачалі чакаць Лобанавай крыві без кінжала.

У нас ва ўсіх завялася такая дурная прывычка — ляжам спаць, начальства ўсё разыдзецца, і то ў адным куце казармы, то ў другім пачынаюцца дуэлі на падушках. Падушкі то лётаюць, нібы гарматныя ядры, то дуэлянты, узяўшы іх за рагі, лупцуюць адзін аднаго, аж пер'е ляціць. Вядома, не кожны вечар, а былі такія баталіі. Распачыналі іх час ад часу і Лобан са сваім суседам.