Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 70

Iван Kiрэевiч Сяркоў

I тут ён адтапыраным пальцам энергічна ткнуў сябе ў жывот, паказаў, як яны там, у Растове, робяць гэтае самае «чык» такім фраерам, як я. I, відаць, каб мне не падумалася, што з растоўскіх блатных ён самы апошні, пайшоў на адкрытасць:

— Хто такі Прынц, ты чуў? Дык вось — ад яго імя ўвесь Растоў дрыжыць і міліцыя рыдае. А я,— тут ён ткнуў пальцам сябе ў грудзі,— з яго прыдворных. Запомні — і рот на замок. А мяса каб было.

Не паверыў я ні адзінаму яго слову. Бярэ, вядома, на пушку, як у нас гаворыцца. Так яму і сказаў:

— Не брашы ты, як сабака. А калі б і так, дык тут табе не Растоў. Таксама мне прыдворны.

— Ну помні, фраер! — прыгразіў ён мне напаследак, і на тым мы разышліся.

Вядома, я нікому пра гэта не расказаў, апрача Санькі, і тым больш не данёс каштану Захараву. I не таму, што я баюся гэтага «прынца», а таму, што не хачу быць фіскалам. Санька таксама не хоча. Ён толькі параіў:

— Плюнь ты на яго і разатры.

I я плюнуў. Лішняга мяса, калі яно трапіцца ў супе, яму як не даваў, так і не даю, а «прыдворны прынца» ўвесь час моўчкі свідруе мяне злоснымі вачыма. I я так думаю, што вузел на рукаве маёй гімнасцёркі, за які я ледзь не адхапіў нечарговы нарад,— ці не яго рук справа.

Словам, у сям'і не без вырадка. А так усе нашы хлопцы — золата, не кажучы пра нас з Санькам, і таму крыўдна нам слухаць ад іншых узводаў, што мы — шкеты.

Вось афіцэры гавораць, што яны ведаюць пра нас усё на свеце, што бачаць кожнага наскрозь, што чуюць, чым мы дыхаем. Вядома, ведаюць, бачаць і чуюць, але не ўсё. Яны ведаюць нас толькі на вучобе, па нашых паводзінах у страі, па нашым голасе, калі мы днявалім ці дзяжурым і падаем каманду «смірна» пры іх з'яўленні. Але не ўсё тое жыццё, што вучоба, строй і дзяжурства. Гэта толькі частка нашага жыцця, астатняе ж, галоўная яго частка — па-за строем і дзяжурствам. Яно ў нашых думках і душах, пачуццях і ва ўзаемаадносінах паміж сабой. Усяго гэтага нашы афіцэры, па-мойму, і не ведаюць. Яны нават не здагадваюцца, якое саперніцтва, якая патаемная вайна ідзе паміж дзядзькамі і шкетамі. Дзядзькі намі пагарджаюць, глядзяць зверху ўніз з вышыні свайго росту, у іх свае размовы, больш пра дзяўчат. Мы, шкеты, адносімся да іх жартаўліва-насмешліва, падвяргаем сумненню іх рыцарскія вартасці, іх перавагу над сабой, і гэта іх кранае за жывое.

За нашы пад'ягоркі яны шчодра расплачваюцца пстрычкамі па «качану», а то могуць зрабіць і «вуксаля». Зловіць цябе гэтакая дубіна, абхопіць тваю галаву рукой, прыцісне да сябе, што не паварушышся, затым плюне сабе на вялікі палец другой рукі і правядзе мокрым пальцам па тваёй галаве супраць шэрсці. Раз правядзе — адзін «вуксаль», два разы — два «вуксалі». Ды яшчэ ж прыціскае палец на ўсю моц. Гэта вельмі балюча, аж слёзы выступаюць. Так, мабыць, было балюча тым, з каго індзейцы здымалі скальп. Што ты хочаш: сіла ёсць — розуму не трэба.