Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 68

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Само сабой зразумела, што і наша ўзводная насценгазета «Залп», якая вісіць ў класе вучэбнага корпуса, заняла першае месца на батарэйным аглядзе. У нас самая прыгожая газета.

А яны кажуць — шкеты.

Але, вядома, ні спевакі Гецьман і Белкін, ні нават мастак Расошка не карыстаюцца такой вядомасцю і ўвагай, як Мішка Цыганкоў. Дзе Мішка, там заўсёды весела, там заўсёды смех. Нават у страі, дзе і пікнуць нельга, на Мішку глядзець небяспечна: не ўтрымаешся, рагатнеш і адхопіш ад камандзіра вымову, а то і нечарговы нарад. Хоць ён і рускі, але ёсць у яго сапраўды нешта цыганскае: чарнявы, рухавы і шальмаватыя вочы навыкаце. Яго між сабой мы так і называем — Мішка-шэльма.

Ну і штукар! Ён умее гаварыць не сваім голасам і так крыўляецца, такія строіць морды, што і мёртвы зарагоча. 3 тыдзень ён цешыў нас, паказваючы, як капітан Захараў выцірае рукі, твар і губы хусцінкамі. Калі ўсё гэта нам знадаела, узяўся за падпалкоўніка Асташэўскага. Але на гэтым ледзь не спёкся.

Вось Мішка стаіць перад намі, заклаўшы рукі пад папругу, ківаецца маятнікам, то падымаецца на дыбачкі, то апускаецца рэзка на абцасы і падпалкоўніцкім голасам чытае нам мараль:

— Што? Выганю, невукі! Будзеце хадзіць па горадзе і чытаць шыльды па складах!

Вакол яго сабралася паўбатарэі, і ўсе так захапіліся, ўсе так рагаталі, што не заўважылі, як і калі падышоў і сам падпалкоўнік, стаў ціхенька па-за спінамі і назірае, як яго перадражнівае Мішка-шэльма. Зразумела, што ніхто і не крыкнуў выратавальнае «атас!». Усе схамянуліся толькі тады, калі камбат сам абазваўся.

— Тэ-эк! — сказаў ён.— Што яшчэ нам пакажаш, цыркач?

Мы ўмомант разбегліся, нібы мышы ад кошкі, а Мішка стаіць перад падпалкоўнікам навыцяжку, рукі па швах, глядзіць нявінным позіркам і вокам сваім цыганскім не міргне.

А падпалкоўнік, сам таго не заўважаючы, раскачваецца так жа, як толькі што рабіў Мішка, і ўчыняе допыт, як ідзе ў Мішкі вучоба. Па матэматыцы «чатыры»? Тэ-эк! А па гісторыі! Тэ-эк! А чаму гузікі не блішчаць? А хто яму будзе прышываць свежы падкаўнерык? Тэ-эк! Словам, прыдзіраецца да чаго толькі можа. Адно што не спытаў, чаму ў Мішкі вочы лупатыя. Але ўсё абышлося.

— Марш з вачэй, цыркач! — скамандаваў у рэшце рэшт камбат і не аб'явіў, што нас вельмі здзівіла, нават вымовы.

А як Мішка можа падрабляцца пад рыбака-вудзільшчыка! Тут ужо без адзінага слова, моўчкі. Вось ён пільна-пільна глядзіць на ўяўны паплавок, а рукі тым часам круцяць цыгарку, дрыжаць — «рыбалоў» хвалюецца. Вось штосьці клюнула — махорка рассыпалася. Але клюнула штосьці вялікае. Раз-два! — не выцягваецца. Вуды, зразумела, ніякай няма, але мы бачым, як яна ўсё больш і больш гнецца. Так і ёсць — парвалася леска, і Мішка ляціць на падлогу. Цяпер трэба «рыбалову» здымаць штаны і лезці адчапляць кручок. Асабліва смешна глядзець, як «вудзільшчык» баіцца халоднай вады. Мішка робіць выгляд, што ён босы і голы, увесь дрыжыць, ляскае зубамі. Вось «рыбалоў» памачыў асцярожна нагу ў «рэчку» і адскочыў, затым — другую, зноў адскочыў. Нарэшце адважыўся і палез. Але як палез! Нам глядзець — і то холадна.